Аб'ектыў 30.01.2018 Каб засудзіць белсатаўцаў, улады парушаюць Канстытуцыю


Надзеі на вышэйшую інстанцыю не апраўдаліся. Касацыйная скарга незалежных журналістаў Любові Лунёвай і Змітра Краўчука засталася незадаволеная, нягледзячы на сумнеўныя сведчанні міліцыянтаў Шкута і Кеселя. У яшчэ больш высокую інстанцыю сёння звярнуліся шматкроць судзімыя незалежныя журналісты Вольга Чайчыц і Андрусь Козел, якія нават у дзень звароту даведаліся, што іх чакае чарговы суд.

Тэлеканал – не акрэдытаваны. Журналіста, чый матэрыял з’явіўся ў эфіры, судзяць і караюць штрафам. Для абывацеля – логіка відавочная. На справе – гэта парушэнне права на свабоду слова, якое гарантуе галоўны закон нашае краіны.

«Канстытуцыя дае мне права на збор і распаўсюд інфармацыі. У судах нашых я не магу даказаць, што права ў мяне такое ёсць. І таму мы вырашылі звярнуцца ў Канстытуцыйны суд», – тлумачыць Воля Чайчыц.

Працоўны тандэм – журналістка Вольга Чайчыц і аператар Андрусь Козел – на дваіх летась атрымаў штрафаў на Br 8 556. У тым ліку паводле абвінавачання ў працы без акрэдытацыі. У звароце да Канстытуцыйнага суду яны звяртаюць увагу, што не зʼяўляюцца штатнымі працаўнікамі «Белсату».

«Калі ж журналіст не ў штаце рэдакцыі замежнага сродку масавай інфармацыі, а супрацоўнічае з ім на іншых умовах, ён не можа прызнавацца журналістам замежнага СМІ ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам і не можа адказваць патрабаванням для акрэдытацыі», – зазначылі ў звароце Воля і Андрэй.

Здымаць перадачу звароту ў суд журналістам забаранілі

А гэта таксама парушэнне айчыннага заканадаўства. Пацверджання прыняцця дакументу Вольга і Андрусь таксама не атрымалі.

«Я спадзяюся, што справа будзе разгледжаная. Адзінае, у мяне няма надзеі на пазітыўны вынік. Але, трэба спрабаваць. Заўсёды трэба спрабаваць, калі нават задача перад табой стаіць немагчымая, трэба спрабаваць – магчыма, атрымаецца», – з аптымізмам кажа Андрусь.

Але атрымаецца толькі пры ўмове скасавання сістэмы прызначэння суддзяў ды іншых высокіх чыноўнікаў, перакананы праваабаронца цэнтру «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Волчак.

«Я заўсёды раю людзям пісаць – усё роўна трэба даводзіць да ведама Канстытуцыйнага суду, што ёсць такія калізіі, трэба даваць тлумачэнні. Аднак, з нашага досведу, мы вельмі шмат падавалі, але атрымлівалі адпіскі», – дзеліцца Алег.

І зноў не па законе

Напярэдадні Беларуская асацыяцыя журналістаў разам з праваабаронцамі Беларускага Хельсінкскага камітэту скіравала зварот у Канстытуцыйны суд – таксама ў справе пераследу журналістаў. Найчасцей суддзі караюць белсатаўцаў паводле адміністратыўнага артыкулу «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў». У дакуменце ж адзначаецца, што «субʼекты адказнасці за гэта – фізічныя асобы, але не журналісты, а кіраўнікі юрыдычных асобаў, індывідуальныя прадпрымальнікі, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў».

Пакуль жа ціск на незалежных журналістаў не змяншаецца. Толькі за студзень за супрацу з «Белсатам» агульная сума штрафаў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў ужо склала каля Nr 6000.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары