Каб захаваць незалежнасць Беларусі, Лукашэнка прыме новы чэмпіянат свету па хакеі


Пакуль беспрацоўныя шукаюць грошы, каб заплаціць падатак на дармаедства, улады Беларусі рыхтуюць новы нятанны падарунак беларусам – афіцыйны Менск мае намер правесці чэмпіянат свету па хакеі-2021. А яшчэ раней – Еўрапейскія гульні, якія абыдуцца бюджэту ў мільёны долараў.

«Імідж краіны – гэта вельмі важна. І калі мы вырашылі быць незалежнымі, трэба разумець, што гэта не танна каштуе».

Грошы – нішто, імідж – усё

Прыкладна такі сэнс укладаў у выступ кіраўнік краіны летась, каментуючы разлікі на правядзенне Другіх Еўрапейскіх гульняў. Аднак гэткага іміджу для афіцыйнага Менску аказалася не дастаткова, і сёлета Беларусь падала заяўку на правядзенне яшчэ аднаго спаборніцтва – чэмпіянату сусвету па хакеі – 2021.

Што пра гэта мяркуюць менчукі?

«Улічваючы абстаноўку ў краіне і крызіс, я б хацела, каб лепш заробкі павысіліся».

«Вялікія будуць выдаткі, але затое прыедзе шмат гасцей».

«Нядаўна быў адзін, навошта яшчэ адзін? Нічога ж пасля яго не змянілася».

«Тут жыць няма за што, а не чэмпіянаты праводзіць».

«Думаю, што гэта не лепшы ход, але там (паказваючы ўверх) відней».

– выказаліся жыхары сталіцы.

Грошай пойдзе вельмі шмат

У выпадку перамогі супольнай заяўкі Беларусі і Латвіі на правядзенне чэмпіянату свету – 2021 Менск прыме толькі паўфіналы і фінал спаборніцтва. Аднак нават тады з бюджэту давядзецца заплаціць немалыя грошы на іх правядзенне.

«Пытанне эканоміі паўстане, але не настолькі, каб псаваць тое, што называецца вялікае спартовае свята. І тут Аляксандр Лукашэнка і беларускія ўлады не пашкадуюць ніякіх грошай», – упэўнены палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Паводле розных ацэнак, мінулы чэмпіянат, які прымала Беларусь у 2014 годзе, каштаваў нашай краіне прыкладна $ 1.5 млрд. Будучае першынства свету, паводле прагнозу журналіста Віталя Цыганкова, мае каштаваць танней, бо да мінулага чэмпіянату ў Менску было пабудавана шмат новай інфраструктуры.

«Хакей-улюблёны від спорту Аляксандра Лукашэнкі, і паводле некаторых дадзеных, якія прыводзяць спартовыя журналісты, 70-80 % з усяго бюджэту, які ідзе на спорт, ідзе менавіта на хакей. Усяму астатняму застаюцца крохі. Нягледзячы на гэта, у астатніх відах спорту ёсць нашмат больш поспехаў, чымся ў тым жа хакеі», – дадаў спадар Цыганкоў.

На чэмпіянаце відовішчы не сканчаюцца!

Не хакеем адзіным – ужо праз два гады ў Беларусі пройдуць другія Еўрапейскія гульні: спаборніцтвы сумнеўнага іміджу, якія збіраюць далёка не самых моцных спартоўцаў, але таксама вымагаюць немалых укладанняў.

Згодна з падлікамі незалежных адмыслоўцаў, на правядзенне першых гульняў Азербайджан выдаткаваў $ 5 млрд. Кіраўнік жа Беларусі мае намер укласціся ў суму, меншую ў сто разоў.

«Мы будзем у плюсе ад Алімпіяды. Трэба будзе затраціць мільёнаў пад 50 за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны, для якой трэба будзе нешта там падмарафеціць», – упэўнены ён.

Ці здолеюць улады «падмарафеціць» не толькі інфраструктуру, але і застацца ў плюсе – пытанне пакуль адкрытае, бо, як заўважаюць апытаныя намі жыхары сталіцы, цяжка стварыць пазітыўны вонкавы імідж для краіны, дзе імідж унутраны падарваны бясконцымі паборамі, а самых беларусаў, за чые грошы ладзяць гэткія святы, масава запісваюць у «дармаеды».

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Reutes / Forum