Ізноў Расея? У Солсбэры два чалавекі пачуліся дрэнна ў рэстарацыі


З Захаду гучаць заклікі да Крамля спыніць актыўнасць спецслужбаў. Аднак тыя ўсё часцей дзейнічаюць так, што не заўважыць не магчыма. У сумна вядомым у сувязі з атручваннем Скрыпалёў Солсбэры ізноў два чалавекі пачуліся дрэнна ў рэстарацыі. А справы з расейскімі шпіёнамі маюць новыя падрабязнасцямі.

Ізноў Солсбэры, і зноў сігнал непакою. Тут у сакавіку атруцілі «Навічком» былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію. Цяпер за трыста метраў ад гэтага месца ў рэстаране дрэнна сталася мужчыне і жанчыне. Відавочца Аманда Уорн:

«Пачуваюся крыху насцярожана, бо ў Солсбэры зноў дваіх расейцаў шпіталізавалі з рэстарану «Prezzo» з падобнымі сімптомамі, як і раней. Мы сядзелі каля іх».

Паліцыя ўжо абвергла сувязь атручвання з «Навічком», як у справе Скрыпалёў. Юлія Скрыпаль, атручаная ў Солсбэры (05.09.2018):

«Прачнуўшыся пасля дваццацідзённай комы, я даведалася, што мы ўдваіх былі атручаныя, мне да гэтае пары складана прызвычаіцца да думкі, што на нас быў здзейснены такі напад. Шакуе сам факт выкарыстання нервова-паралітычнага рэчыва ў гэтай сітуацыі».

Застаецца шмат пытанняў і ў самой гэтай справе.

«Солсбэрыйская катэдра – яна вядомая не толькі ўва ўсёй Еўропе, яна вядомая нават па ўсім свеце».

І на шпіль гэтай святыні ды гадзіннік нібыта і паехалі паглядзець ізноў жа нібыта шараговыя турысты Пятроў і Башыраў. А вось для брытанскай паліцыі яны падазраваныя ў спробе забойства Скрыпалёў.

«Сябры даўно нам ужо раілі наведаць гэты цудоўны горад. – Солсбэры, цудоўны горад? – Так, гэта турыстычны горад».

Пасля гэтага феерычнага інтэрв’ю на «Раша Тудэй» Солсбэры сапраўды хіба стане турыстычным горадам. Аднак размова выклікала хвалю смеху ў медыях і сацыяльных сетках. Апраўданні імаверных турыстаў не пераканалі.

«Апошнім разам расейскія вайскоўцы сцвярджалі, што яны ў адпачынку, калі ўварваліся ва Украіну ў 2014 годзе. Час спыніць фальшывыя тэлешоу – свет злавіў Расею на гэтым» – каментуе Джэрэмі Гант, Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі.

У Лондане таксама называюць яшчэ дваіх падазраваных – медыка і працаўніка расейскага пасольства. У Крамлі ўжо традыцыйна ўсе абвінавачванні абвяргаюць. А з заклікам да Расеі звярнулася і Швейцарыя, дзе знаходзіцца лабараторыя па даследаванні хімічных рэчываў. П’ер-Ален Эльтшынгер, прэс-служба МЗС Швейцарыі:

«МЗС заклікала Расею неадкладна спыніць нелегальную дзейнасць на тэрыторыі Швейцарыі і супраць швейцарскіх абʼектаў».

Паведамленні пра актыўную дзейнасць расейскіх спецслужбаў у заходніх краінах зʼяўляюцца рэгулярна і ўсё часцей.

«Гэта скіравана, па-першае, на раскол на Захадзе, каб канкрэтныя дзяржавы працавалі не разам. Адныя будуць пагаджацца на гэткія дзеянні Расеі, а іншыя будуць больш актыўна супраць Расеі выступаць» – тлумачыць Міхал Кацэвіч, публіцыст, Варшава.

А яшчэ Расея спраўджвае, дзе чырвоная лінія, якую пераступаць нельга.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фота: BBC