ІП у шоку! Улады прыдумалі новы спосаб выцягнуць грошы з гандляроў


Законы, што распаўсюджваюцца на ўсіх прадпрымальнікаў незалежна ад памеру іхнага бізнесу, а абмяркоўваюцца выключна з буйнымі бізнесоўцамі. Менавіта гэтак у краіне ўвялі ўказ № 222, то бок абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці. Цяпер жа без удзелу іпэшнікаў узгаднілі іншы праект закону – «Аб нацыянальнай сістэме нагляду і развіцця электроннага дакументазвароту». Дакумент прадугледжвае ў тым ліку ўвядзенне электронных накладных. А гэта – дадатковыя грашовыя ўкладанні.

«Нас хутчэй за ўсё абавяжуць падлучыць гэтае СКПО (сродкі кантролю падатковых органаў) так жа, як мы калісьці падлучылі электроннае дэклараванне. Гэта немалыя грошы. Гэта зноў ляжа грузам на плечы прадпрымальнікаў», – абураецца Ірына Віннік, прадпрымальніца з Магілёву.

Улады зрабілі яшчэ адзін сюрпрыз

Ударам па кішэні і новым галаўным болем для індывідуальных прадпрымальнікаў можа стаць і магчымае ўвядзенне чыпавання абутку ды вопраткі, якое ўжо летась напаткала гандляроў футрам.

«Вялізарнейшая справаздачнасць, за малейшае парушэнне – гэта ж усё будзе ў электронным выглядзе – штрафы несуразныя. І зноў жа – цэлы ворах дакументазвароту», – зазначыў Андрэй Шасцеракоў, прадпрымальнік з Горадні.

«Замарожаныя» праблемы прадпрымальнікаў з увядзеннем 222-га ўказу

«Усё тыя ж сертыфікаты, тыя ж дакументы на тавар, тыя ж законы, якія дазваляюць па гэтых дакументах і сертыфікатах нас абанкруціць у любы момант», – падсумаваў Анатоль Шумчанка, лідар абʼяднання «Перспектыва».

У той час, як пастаяннае ўкладанне ў афармленне неабходных дакументаў спрычыняецца да стратаў індывідуальных прадпрымальнікаў, кошты на тавар адпаведна вырастаюць і робяцца ўжо не па кішэні спажыўцу, рынкі займаюць гандляры з Сярэдняй Азіі. Паводле прадпрымальнікаў, адносна танныя цэны яны захавалі праз гэтак званы чорны гандаль – без чэкаў і накладных. Азіяты ствараюць на падстаўных асобаў новыя фірмы кожныя 2 гады. Менавіта на гэты тэрмін адчыненае прадпрыемства згодна з заканадаўствам вызваляюцца ад праверак.

Наступствы ж таго, што адных – штрафуюць і канфіскоўваюць іхны тавар нават пры нязначных памылках у накладных, а на парушэнні іншых проста заплюшчваюць вочы – відавочныя. Толькі за першае паўгоддзе з рынкаў сышлі 6 000 прадпрымальнікаў. Летась колькасць прадпрымальнікаў зменшылася на 9 000.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum