«Іх трэба толькі пад трыбунал – усё афіцэр'ё»: мянчук пра справу (сама)забойства жаўнера


Маці загінулага ў войску Аляксандра Коржыча ўсё ж атрымала спачуванні ад Аляксандра Лукашэнкі. Што праўда, толькі на дзясяты дзень пасля смерці сына. Дзякуючы шырокай агалосцы ў незалежных медыях тэма меркаванага забойства жаўнера пачала набіраць абароты і ў дзяржаўных медыях. Да змагання з дзедаўшчынай у войску далучаюцца і палітычныя партыі.

Абʼяднаная грамадзянская партыя ў Менску, на чале з Анатолем Лябедзькам, распачала збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. Яго лічаць адным з галоўных вінаватых у трагедыі, якая мела месца ў вайсковай частцы Печы, што ў Барысаве.

«Ну, гэта ўжо канец, гэта мяжа. Проста далей цярпець немагчыма. Іх трэба толькі пад трыбунал – усё афіцэрʼё. Мне больш няма што сказаць», – абураецца жыхар сталіцы.

«Нестатутныя адносіны зʼяўляюцца тады, калі афіцэры, якія абавязаныя займацца сваёй службай і сваймі справамі, «спіхваюць» усё на стараслужбоўцаў – абы было ціха. І вось тады нестатутныя і ў курылках, і ў сушылках, і ў туалетах», – мяркуе жыхар Менску.

Паводле ініцыятара збору подпісаў, у цэлым грамадзяне ведаюць пра жудасныя выпадкі гэтак званай «дзедаўшчыны» ды пра чарговую смерць у войску. І ў гэтым велізарная заслуга незалежных медыяў, у тым ліку тэлеканалу «Белсат», якія дакапаліся да праўды, а не паверылі ў афіцыйную версію.

«Задача – дабіцца не толькі адстаўкі міністра абароны, але і распачаць агульнанацыянальную дыскусію пра сістэму. Бо калі ў гэтую сістэму прыйдзе новы міністр, заўтра ізноў будуць новыя ахвяры, новыя смерці. Таму трэба мяняць сістэму», – кажа лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле апошніх звестак, у справе смерці Аляксандра Коржыча затрыманыя некалькі падазраваных – два сяржанты і прапаршчык, дапытаныя больш за 60 асобаў. Ад пасады адхілены камандзір вайсковай часткі, дзе загінуў жаўнер.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»