Ідэя змены беларускае сімволікі належала Маскве


Гэта своеасаблівая плата за танную расейскую нафту ды газ, узгадваюць тыя, хто стаяў ля вытокаў беларускае незалежнасці. Але тое, што бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня раздражнялі Лукашэнку, – таксама не сакрэт: у час сваёй выбарчай кампаніі ў 94-ым годзе Лукашэнка насіў дэпутацкі чырвона-зялёны значак і ў сваёй праграме дэклараваў наданне расейскай мове статусу дзяржаўнае. Таму ня дзіўна, што адным з першых крокаў Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта было знішчэнне нацыянальнае сімволікі і мовы.

«Рэферэндум 1995 года ў маё памяці застаўся як гвалтоўная, нахабная змена ўлады. Улада народнай дэмакратычна, мэтай, якую перад сабой ставіла – адраджэнне нашай культуры, нашай нацыі і ўсё раптам захлынулася», – кажа актывістка Ніна Багінская.

Ніна Багінская – легендарная асоба беларускага адраджэння – ня першы год выходзіць з бел-чырвона-белым сцягам як на разнастайныя акцыі дэмакратычных сілаў, гэтак і на адзіночныя пікеты. Колькасць пашытых нацыянальных сцягоў змагаркаю, як і колькасць прызначаных ёй у судовым парадку штрафаў, не пералічыць.

«Апошняе, што я стаю з плакатамі і пералічаны фармулёўкі плакатаў «дармаеды чыноўнікі», «свабода народу» і за гэта самыя вялікія штрафы па 50 базавых», – дадае Багінская.

Год таму лецішча кабеты выставілі на аўкцыён. Менавіта гэтак дзяржава паспрабавала спагнаць грошы за нясплочаныя штрафы, але ніхто тады не наважыўся набыць маёмасць Багінскай. Цяпер пенсіянерка рыхтуецца да чарговага дачнага сезону.

Імаверна, пенсія Ніны Багінскай праходзіла іначай, калі б 22 гады таму беларусы на рэферэндуме, ініцыяваным Лукашэнкам, не адмовіліся ад нацыянальнага сцяга, герба і роднае мовы.

«На рэферэндуме было пастаўлена так пытанне, што людзі не заангажаваныя ў палітыку мне потым самі казалі: мы та думалі, што новы сцяг – гэта ваш сцяг – бел-чырвона-белы. А пытаннем рэферэндуму новым сцягам быў абвешчаны лукашэнкаўскі – новы савецкі сцяг», – узгадвае актывістка.

Рэферэндуму адбыўся з парушэннем Канстытуцыі ды тагачасных законаў, а таксама суправаджаўся выкраданнем і збіццём дэпутатаў Вярхоўнага Савету ХІІ склікання. Падчас эканамічнага крызісу, калі ў грамадстве панавалі апакаліптычныя настроі.

«Вярхоўны Савет меў усе магчымасці супрацьстаяць. Увогуле не прымаць да разгляду пытанне паколькі па закону і па Канстытуцыі нельга Вярхоўнаму Савету ў апошнія 6 месяцаў свайго дзеяння прызначаць рэферэндумы. І Вярхоўны Савет мусіў развярнуць гэтае пытанне і пакінуць на разгляд наступнаму Вярхоўнаму Савету», – распавядае экс-дэпутат Лявон Баршчэўскі.

У дэмакратычнай краіне Канстытуцыйны суд за лічаныя хвіліны ў стане будзе адмяніць пастанову незаконнага рэферэндуму, таму і сцяг, і герб, і мова могуць вярнуцца на свае належныя месцы.

Але ці да гэтага часу беларусы не забудуцца пра свае нацыянальныя сімвалы?

«Я ўвогуле не ведаю, як гэта атрымалася ў хвацкія дзевяностыя, гэтая падмена. Калі будзе падымацца пытанне на рэферэндуме, то пайду і прагаласую за нашыя гістарычныя сімвалы», – абяцае жыхар сталіцы.

«Я думаю і мова і сцяг вельмі хутка будуць прынятыя народам, бо большасць народа стаміліся ад гэтай дыктатуры, ад гэтага гвалту, усё залежыць ад нас», – кажа Ніна Багінская.

Наста Ільіна, «Белсат»