Ідэолаг тлумачыць, навошта райвыканкаму баян за $ 4500


Гулянка да ўпаду. А ўсё ў Талачынскім райвыканкаме. Там абвесцілі тэндар на пакупку баяна. Гэткі ж, на якім іграў сам Аляксандр Лукашэнка. Увага – за амаль Br 9000. І пажаданы інструмент ужо знайшлі – ды ажно на Br 100 таннейшы. Але зэканомленыя грошы на вецер не пойдуць. За іх набудуць гукаўзмацняльную апаратуру. Калі ж на ўсю краіну загучыць дарагі баян, а ў Талачыне грымне спеў і пойдуць танцы?

Не звычайны баян, а менавіта мадэль «Roland FR-7XB»

Такі інструмент хоча набыць аддзел ідэалагічнай працы Талачынскага райвыканкаму. Кошт – $ 4,5 тыс. Грамадскасць музычнага парыву Талачынскіх ідэолагаў не ацаніла. «Заробкі ў нас тут капеечныя», – як адзін абураюцца апытаныя намі жыхары Талачынскага раёну.

Набыць адзін баян ці выплаціць заробак сарака сем’ям?

Нягледзячы на хвалю крытыкі, што паўстала пасля абвяшчэння тэндару, ідэолагі не спынілі пошукаў «наварочанага» інструменту, на якім можна не проста граць: ён аднаўляе гучанне 80-ці розных інструментаў, утрымлівае гукі французскага акардэону, расейскага баяна і нават аргану, на ім можна запісаць уласную ігру.

Мы прыехалі ў Талачын і паспрабавалі ў райвыканкаме знайсці віртуозаў, што змаглі б сыграць на такім інструменце. Але талентаў там не знайшлі. Нас накіравалі ў Коханаўскую школу мастацтваў, дзе навучаецца больш за 200 гадаванцаў.

У школе зрабілі рамонт, а цяпер дзеткам набудуць новы баян

«Усе музычныя школы зараз знаходзяцца ў аднолькавым стане, патрабуюць аднаўлення музычных інструментаў, таму гэта як падарунак ад нашага старшыні райвыканкаму ў абнаўленні», – тлумачыць Марына Дудчанка, начальніца аддзелу ідэалагічнай працы.

Падарунак, праўда, старшыня райвыканкаму робіць не з уласных сродкаў, а з грошай жыхароў раёну, сабраных дзякуючы іх бясплатнай працы на суботніках. Гэтак жа, са словаў галоўнага раённага ідэолага, часам працуе ў коханаўскай школе мастацтваў адданы сваёй працы кіраўнік народнага ансамблю песні і музыкі «Александрына».

«Вараб’ёў Мікалай Мікалаевіч. У яго вельмі шмат дыпламантаў усялякіх разнастайных конкурсаў і народных і міжнародных. Ён нават калі мы не дапамагаем яму вазіць дзяцей, ён сам іх вязе сваіх гадаванцаў, сваіх вучняў», – дадае спадарыня Дудчанка.

Музычны калектыў славіцца ва ўсёй краіне

Таму можа, чыноўнікі, проста баяцца рызыкнуць і набыць ансамблю з назваю «Александрына» менш годны інструмент.

Вольга Старасціна, «Белсат»