Аб'ектыў 09.01.2018 Хто зможа атрымліваць візы ЗША ў Менску?


Больш не трэба па візу ездзіць у Маскву, Варшаву, Кіеў або Вільню. Амбасада ЗША ў Менску пашырыла візавыя паслугі для грамадзянаў Беларусі. Цяпер атрымаць візу ў сталіцы могуць дыпламаты ды іхныя сем’і, удзельнікі спартовых спаборніцтваў ды праграмаў абмену, журналісты і некаторыя працаўнікі міжнародных кампаніяў. Пры гэтым для бізнесовых і турыстычных візаў абмежаванні застаюцца: па іх у амбасаду ў Менску могуць звяртацца толькі беларусы, старэйшыя за 50 гадоў.

Апошнія 10 гадоў візы ў Менску выдавалі абмежаванай колькасці беларусаў

Да гэтага спрычыніўся дыпламатычны канфлікт паміж Менскам і Вашынгтонам, пік якога прыпаў на 2008 год. Тады праз парушэнні ў Беларусі правоў чалавека ЗША замарозілі рахункі канцэрну «Белнафтахім», Менск пакінуў амбасадар Злучаных Штатаў, а на патрабаванне ўладаў Беларусі штат дыппрадстаўніцтва скарацілі да 5 чалавек. Але, відавочна, цягам апошніх гадоў стасункі паміж краінамі палепшыліся.

Паспрыяў жа дыялогу леташні канфлікт ЗША з Расеяй: Крэмль скараціў прысутнасць амерыканскіх дыпламатаў пасля чарговых антырасейскіх санкцыяў. У выніку беларусам амерыканскія візы ў Маскве выдаваць перасталі, і амбасада ЗША ў Менску пашырыла свае паўнамоцтвы.

Зноў сябры. А як жа санкцыі?

Пра адмену санкцыяў ЗША супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх Белнафтахім, Нафтан, Горадня азот і шэраг іншых, казаць яшчэ рана. Гэтыя абмежаванні хоць і прыпыненыя, але канчаткова не знятыя. А летась Доналд Трамп чарговы раз на год працягнуў санкцыі ў дачыненні шэрагу былых і актуальных чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Трэба нешта такое, што можна выдаць за прагрэс, напрыклад, калі сітуацыя з выбарамі мясцовымі будзе дэманстраваць лібералізацыю, больш дэпутатаў пройдзе ў саветы», – тлумачыць палітолаг Андрэй Ягораў.

Час падумаць у Вашынгтону ёсць да вясны: ў красавіку ЗША мусяць прыняць рашэнне наконт лёсу беларускіх санкцыяў.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: eurasia.expert

Глядзі таксама
Каментары