Аб'ектыў 13.03.2018 Хто вінаваты ў смерці салігорскіх шахтараў?


Сотні людзей прыйшлі сёння да царквы ў вёсцы Чыжэвічы, што непадалёк Салігорску, каб развітацца з двума шахцёрамі, якія загінулі на адным з руднікоў «Беларуськалію». 44-гадовы Максім Іваноў і 32-гадовы Дзмітрый Валькоў атрымалі такія пашкоджанні, што іх хавалі ў закрытых трунах.

Абвал здарыўся ў мінулую пятніцу на эксперыментальным аб’екце трэцяга рудаўпраўлення. Целы шахцёраў адкапалі толькі праз паўтара сутак і выявілі, што яны загінулі за долю секунды, заявіў дзяржаўнаму агенцтву БелТА гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты. Ён таксама паабяцаў кампенсацыю і падтрыманне іхным семʼям. Калегі загінулых і салігарчане збольшага размаўляюць пра трагедыю са смуткам, але фаталістычна.

Гучаць абураныя галасы

Самыя гарнякі на камеру татальна асцерагаюцца размаўляць праз пагрозу звальнення. Але ў прыватных размовах скардзяцца на неадэкватную, на іхную думку, тэхніку бяспекі. Напрыклад, адзначаюць, што для самаходных вагонаў, якія вырабляе айчынны Магілёўскі завод, вельмі цяжка знайсці запчасткі. У выніку рэанімуюць старыя валгаградскія вагоны, якія ўжо даўно перакрочылі тэрмін сваёй эксплуатацыі. У дэпартаменце аховы працы нам пацвердзілі, што праблемы з датрыманнем тэхнікі бяспекі бываюць, і гэта ўжо прыводзіла да трагічных вынікаў.

«Тры выпадкі ў іх былі за 2017 год. Адзін смяротны, адзін цяжкі і адзін лёгкі выпадак. Гэта менавіта на трэцім рудаўпраўленні. Па выпадку смяротнаму, там была віна аднаго з пацярпелых. А па цяжкім выпадку там парушэнне было аховы працы з боку службовых асобаў», – зазначыла Юлія Перапечка, намесніца начальніка аддзелу інспекцыі працы ў Слуцку.

Чыноўніца заявіла, што хібы, на ейную думку, – несістэмныя

Сузаснавальнік незалежнага прафсаюзу гарнякоў Леанід Мархотка мае супрацьлеглае меркаванне і ўпэўнены, што «тэхніка бяспекі там пагоршылася значна».

Напрыканцы мінулага году Дзяржатамнагляд, па выніках інспекцыі чатырох рудакіраванняў «Беларуськалію», выявіў 486 парушэнняў тэхнікі бяспекі. Летась у Салігорску пры выкананні працы загінуў адзін шахтар і яшчэ адзін атрымаў цяжкія траўмы.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vadim Rymakov / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары