Хто ўзіраецца ў нашыя акаўнты і чаму праз падабайку можна стаць падсудным?


Сацыяльныя сеткі, як сям’я і праца, сталі неад’емнаю часткаю нашага жыцця. Але ўсё, што мы пішам ці проста лайкаем, бачаць не толькі нашыя сябры, але і праваахоўнікі.

Пад пільнае вока кантролю трапляюць папулярныя групы ды інтэрнаўты

Актывіст з Гомля Павел Катаржэўскі актыўны ў сацыяльных сетках. Летась у лістападзе на сваёй старонцы «УКантакце» ён размясціў матэрыял групы «Рэвалюцыйнае дзеянне», якую за некалькі дзён да гэтага беларускія праваахоўнікі прызналі экстрэмісцкаю.

Але няведанне не пазбаўляе ад адказнасці

Гэтак, Катаржэўскі апынуўся на лаве падсудных за допіс з заклікам клапаціцца пра ветэранаў. За рэпост, які праваахоўнікі палічылі распаўсюдам ці прапагандаю экстрэмісцкай дзейнасці, маладзёну пагражае штраф або нават арышт.

«Складана звычайнаму карыстальніку сацсетак здзяйсняць маніторынг дзеянняў дзяржавы па прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі. І ў гэтым хаваецца вялікая пагроза. Сапраўды, па фармальных прыкметах пэўная інтэрнэт-старонка прызнаная экстрэмісцкай, але тая частка, якая рэпосціцца не ўтрымлівае прыкметаў экстрэмізму. Безумоўна, такое не павінна цягнуць адказнасці», – упэўнены юрыст Беларускай асацыяцыі журналіста Алег Агееў.

Падобныя судовыя разгляды перастаюць быць выключэннямі

Гэтак, больш за $ 200 штрафу на мінулым тыдні прысудзілі жыхарцы Воршы за стрым з прытулку для жывёлінаў. За капіяванне артыкулу пра самагубства праз дэкрэт № 3 суд пагражае жыхарцы Светлагорску.

Пакаранні беларусаў, актыўных у сацыяльных сетках, – гэта, як мяркуюць знаўцы законаў, адмысловая палітыка ўладаў.

«Або напалохаць або стварыць прэцэдэнты, якія стануць перашкодай на шляху да распаўсюду нявыгаднай інфармацыі», – мяркуе спадар Агееў.

У суседняй Расеі за рэпосты ў сацыяльных сетках ужо ёсць пакараныя рэальнымі тэрмінамі. Не знаходзячы правасуддзя ва ўласнай краіне асуджаныя намагаюцца абскардзіць прысуды ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Steve Marcus / Reuters / Forum