Хто ўзарваў менскае метро?


7 гадоў таму ў сталічным метро адбыўся выбух, які забраў жыцці 15 чалавек. 203 асобы атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Праз паўгода пасля тэракту Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі ў арганізацыі злачынства Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Неўзабаве іх расстралялі. Ці памятаюць беларусы той дзень і ці пачуваюцца ў спакоі сёння?

Першыя гадавіны трагедыі 11 красавіка збіралі на прыступках станцыі метро Кастрычніцкая блізкіх ахвяраў і пацярпелых, а акцыі памяці былі спантаннымі мітынгамі. Праз сем гадоў пасля тэракту ўсё куды больш сціпла.

«Рэформа судовай сістэмы, незалежныя суды, незалежная адвакатура і нармальнае следства, незалежная пракуратура – гэта тое што патрэбна Беларусі, каб такія злачынствы, як тэракт у менскім метро ніколі не паўтараліся», – лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі кажуць, што справа 11 красавіка чарговы раз паказвае грамадству неабходнасць увядзення мараторыю на смяротнае пакаранне.

«У расследаванні такіх справаў павінна быць максімум празрыстасці, тое што мы назіралі судовы працэс і вельмі хуткае вынясенне пакарання пакідае ў грамадства шмат пытанняў, ці сапраўды тыя людзі былі вінаватыя», – кажа Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За свабоду».

«Нага адарваная побач ляжала»

Адзін з пацярпелых у справе тэракту ў метро 11 красавіка 2011 года Ігар Тумаш распавёў «Белсату» свае ўспаміны таго дня.

«Адключаюцца эмоцыі, ведаеце, бо калі яны будуць уключаныя, то перагарыш хутка, настолькі гэта было ўсё жудасна. Я памятаю нага адарваная побач ляжала, кавалак чалавечага мяса з вопраткай. Я выйшаў калі, сталі даваць ваду, сурвэткі. Я быў уражаны, як павялі сябе менчукі. Таксіст які мяне павёз не хацеў грошы з мяне браць», – узгадвае Ігар.

Дык хто ж ўзарваў менскае метро?

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае метро?» журналіст Алег Груздзіловіч кажа, што так і не змог зразумець, чаго дамагаліся абвінавачаныя Канавалаў і Кавалёў. Апошні сваёй віны так і не прызнаў, у той час як ад Канавалава ўсе пачулі толькі завучаную фразу: тэракт быў зроблены дзеля дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.

«З таго часу прайшло 7 гадоў і гэта для мяне адзін з аргументаў, што гэта ўсё ж такі не справа рук улады, а справа канкрэтных асобаў адзіночак. Дарэчы матыў так і застаўся схаваны і не высветлены да канца», – кажа .

Афіцыйнаму Менску і, сярод іншага, Аляксандру Лукашэнку неаднаразова даводзілася апраўдвацца ў тым, што ўлады не маюць дачынення да арганізацыі злачынства. Часам гэта было надзвычай няўдала.

«Ну а навошта, што сітуацыя сёння настолькі крытычная, каб ісці на крайнія меры? Дык яна ж не крытычная. Запомніце, абыходзьце гэтых людзей, бо яны кажуць так, як яны самі рабілі б», – апраўдваўся Аляксандр Лукашэнка.

Трагедыя 11 красавіка адбылася на фоне эканамічнага і палітычнага крызісу ў краіне. Цягам 2011-га беларускі рубель дэвальваў амаль утрая, за кратамі былі дзясяткі апанентаў уладаў, у тым ліку кандыдаты на прэзідэнта.

Новае следства ў справе 11 красавіка, калі яно і распачнецца, будзе праходзіць у надзвычай складаных умовах. Бо ўжо няма галоўных сведкаў. І гэта асноўны аргумент за адмену смяротнага пакарання, асабліва ва ўмовах, калі няма поўнага даверу судовай сістэме ў краіне. Зрэшты, цяпер маўчаць амаль усе. І пацярпелыя, і родныя фігурантаў справы, ніхто не пагаджаецца ўзгадваць тыя падзеі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат». Фота PhotoXpress / ZUMAPRESS.COM / FORUM