Хто стаіць за кібератакай на Беларусь


Два беларускія чыноўнікі, а ўслед за імі і Следчы камітэт сталіся ахвярамі хакераў. Сецявыя злачынцы спрабуюць стварыць уражанне, што ўлады Беларусі дзейнічалі супраць інтарэсаў Расеі, за што цяпер просяць прабачэння. Каму гэта выгадна і хто можа стаяць за гэтай кампаніяй?

Інфармацыйная атака супраць Беларусі набірае абароты. Спачатку ліст ад нібыта кіраўніцы адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, учора ўзламаны акаўнт Максіма Рыжэнкова з таго ж ведамства, сёння злачынцы ўзялі вышэй ды завалодалі афіцыйнай старонкай Следчага камітэту ў «Facebook». Звязаць падзеі ў адно няцяжка, кожны з узломаў суправаджаецца прабачэннямі расейскаму боку за неадпаведныя паводзіны ў інфармацыйнай прасторы.

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін лічыць, што за кібератакамі стаіць Расея.

«Супраць Беларусі ў інфармацыйнае прасторы вядзецца кібернетычная вайна. Вельмі цікава нядаўна сказаў Пуцін: калі гэтыя дзеянні вядуць асобныя расейскія грамадзяне, то мы за іх не нясем адказнасці», – адзначыў Аляксандр Алесін.

Адразу пасля публікацыі фэйкавага звароту ад імя намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжэнкова на допіс у «Twitter» наляцелі падазроныя каментатары са зневажальнай крытыкай у бок Беларусі.

«Мы маем дачыненне з гібрыдным уздзеяннем расейскіх спецлужбаў супраць Беларусі, бо задзейнічаны ўвесь той арсенал, увесь той інструментар, які ўжо 4 гады ўжываецца супраць Украіны», – кажа Дзяніс Івашын з суполкі «Інформнапалм» (Беларусь).

Дзейнасць хакераў ва ўсіх трох выпадках звяртаецца да працы міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы, якая была створаная менш чым год таму дзеля большага кантролю за інфармацыйнай прасторай унутры Беларусі. Бо паводле даследаванняў, расейскія СМІ надалей застаюцца ў Беларусі найбольш папулярнымі і ўплывовымі.

«У беларускіх уладаў даволі спецыфічнае разуменне бяспекі. Гэта, хутчэй, разуменне ўнутранай бяспекі, агараджэнне сябе ад нейкіх інфармацыйных плыняў», – адзначае аналітык «East Center» (Варшава) Вераніка Лапуцька.

Новы віток кібератакаў на беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўныя ўстановы мае і перадгісторыю. Летась невядомыя ўзламалі акаўнты ў «Twitter» Менскага, Магілёўскага і Гомельскага ўпраўленняў унутраных справаў. Інфармацыя, якую змясцілі хакеры, як і гэтым разам, датычыла расейска-беларускіх дачыненняў.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фотаздымак R Brunel Cybercrime/ Forum