Аб'ектыў 28.06.2018 Хто ачоліць АГП


На пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі прэтэндуюць былы старшыня гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў. Да іх далучыўся цяперашні старшыня Анатоль Лябедзька. Раней ён заяўляў, што балатавацца не будзе.

«Я заўсёды гаварыў, што ёсць нейкі маленькі шанец, і ён застаецца, што я магу ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, і гэты маленькі шанец я сёння выкарыстоўваю», – кажа Анатоль Лябедзька.

Гісторыя АГП налічвае 23 гады. У шэрагах партыі – прыблізна 5 тысяч сябраў. З ёю звязаныя імёны зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, былога старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча і прэм’ера Міхаіла Чыгіра, народнай артысткі Зінаіды Бандарэнкі, эканаміста Яраслава Раманчука і нават былога кіраўніка Менскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры.

«Я выступаю за канструктыўны, але абумоўлены дыялог з уладамі. Але мы не кажам, што мы павінныя «убудоўвацца» ў цяперашнюю сістэму. Мы кажам пра тое, што гэтая сістэма павінная быць змененая. І гэта прынцыповая розніца», – гаворыць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

«Людзі чакаюць новых ідэяў, чакаюць, каб да іх прыходзілі. Ужо больш за 15 гадоў ніхто не прыходзіць да людзей. Прыходзяць па подпісы, але не прыходзяць, каб паслухаць, каб прапанаваць», – кажа намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў.

Старшыня менскай гарадской арганізацыі АГП Мікалай Казлоў мяркуе, што партыя мусіць заняць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні ўладаў.

«Вертыкаль, якая склалася на сённяшні дзень, на мой погляд як былога супрацоўніка міліцыі, – гэта банда, якую абслугоўваюць і суды, і пракуратура, і супрацоўнікі міліцыі. А народ існуе, каб яны добра жылі», – кажа Казлоў.

Сваю стратэгію развіцця партыі Анатоль Лябедзька пакуль трымае ў таямніцы.

«Усе кропкі над «і» расставіць з’езд. Майце крышачку цярплівасці. 8 ліпеня глядзіце стрымы, будзе прамая трансляцыя. І, думаю, з’езд дабавіць у скарбонку пазітыву, а не негатыву», – кажа Лябедзька.

Анатоль Лябедзька – адзін з тых палітыкаў, які надаўжэй ачольвае сваю партыю – 18 гадоў.

Абганяюць яго Зянон Пазняк з КХП-БНФ (19 гадоў), Станіслаў Шушкевіч з сацыял-дэмакратычнай «Грамады» (20 гадоў), Сяргей Гайдукевіч з ЛДПБ (23 гады) і Сяргей Калякін са «Справядлівага свету» (24 гады).

Будзе цяперашні кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі імкнуцца да рэкорду сацыяліста Сяргея Калякіна ці саступіць дарогу сваім менш дасведчаным паплечнікам, мы даведаемся ўжо 8-га ліпеня.

Аляксандр Папко

Глядзі таксама
Каментары