«Хочуць зрабіць лысіну». Жыхары Асмалоўкі бароняць раён


Больш за 8000 подпісаў, шэраг сходаў і абмеркаванняў – усё дзеля выратавання Асмалоўкі, унікальнага менскага раёну, ад зносу. Чарговая сустрэча. Часу застаецца не шмат. Грамадскія слуханні скончацца ўжо ў наступны панядзелак. Гэтым разам мясцовыя жыхары падпісалі зварот у адміністрацыю Цэнтральнага раёну з просьбаю дапусціць чальцоў ініцыятыўнай групы на паседжанне адмысловай камісіі, што адбудзецца днямі.

Збор подпісаў для абароны Асмалоўкі актывізаваўся апошнія месяцы

Адметна, што далучаліся да яго не толькі жыхары раёну, але і ўсяго Менску. Са словаў чальцоў ініцыятыўнай групы, колькасць подпісаў аказалася рэкордная.

Аднак гарадскія ўлады маюць іншыя намеры. Паводле плану «Менскграда», старыя двухпавярховікі ў гістарычнай Асмалоўцы мусяць знікнуць назаўсёды. На іх месцы плануюць узнесці шматкватэрныя дамы, гандлёвыя пляцоўкі, падземныя паркінгі.

«Цяпер яны не маючы нават інвестара хочуць зрабіць тут пустэчу, лысіну. Навошта?! Каму яна перашкаджае?», – абураецца жыхар Асмалоўкі Сяргей Няхамкін.

Аргументаў супраць зносу раёну шмат

Сярод асноўных – гістарычная і экалагічная вартасць абʼекту. Асмалоўка – гэта першы паваенны раён Менску, пабудаваны нямецкімі ваеннапалоннымі.

Жыхары сталіцы лічаць Асмалоўку сімвалам адраджэння гораду. Тут жылі выбітныя вайскоўцы, навукоўцы і дзеячы культуры. Аднак не менш важным для мясцовых жыхароў застаецца пытанне: куды іх выселяць у выпадку зносу будынкаў? Мясцовыя чыноўнікі актыўна інфармуюць пра планы забудовы, але пра жытло для людзей – ні слова.

Выратаваць Асмалоўку ад разбурэння магло б афіцыйнае прызнанне раёну гістарычнай каштоўнасцю. Аднак гэтае пытанне на гады зацягнулася ў кабінетах чыноўнікаў. І хоць канчатковае рашэнне пакуль адклалі, пра планы забудовы гаворыцца ўжо цяпер.

Ян Бабіцкі, «Белсат»