Хлопец са Шры-Ланкі «беларусізаваў» віцебскі касцёл


Памочнік пробашча каталіцкага касцёлу Святога Духа ў Віцебску чытае малітвы па-беларуску. Здавалася б, нічога дзіўнага, але міністрант – не зусім тыповы беларус. 24-гадовы Крыс Харыс – з Шры-Ланкі. У Віцебску хлопец вучыцца на медыка, а ў вольны час дапамагае на службе ў касцёле.

«Амаль кожны дзень я служу ў касцёле міністрантам. І я падумаў, што трэба рабіць службы, як усе людзі. Таму я вывучыў усе беларускія малітвы», – кажа Крыс Харыс.

Раней Крыс на працягу года вывучаў расейскую мову. Студэнт-медык лічыць, што няма аніякіх праблемаў вывучыць беларускую, калі пачынаеш вучыць расейскую, бо яны – падобныя. Пробашч касцёлу, ксёндз Андрэй, заўважае, што асаблівых праблемаў з чытаннем малітваў у студэнта няма, бо перад службай Крыс перачытвае малітвы, пастаянна практыкуецца.

«Чытаць – гэта заўсёды прасцей. У прынцыпе, я лічу, што чытаць можна навучыць на любой мове. А каб разумець і размаўляць – для гэтага патрабуецца час. Тым больш, што яны вучаць расейскую, паміж сабой размаўляюць па-ангельску, а беларуская мова – толькі тут», – распавядае пробашч касцёлу Святога Духа Айцец Андрэй.

Тое, што беларуская мова гучыць у Віцебску пераважна ў касцёлах, кажа і сам Крыс Харыс. Аднак моўная праблема яго не здзіўляе.

«Гэта – выбар для людзей. На якой мове чалавек хоча размаўляць, на той і размаўляе», – дадае Харыс.

А вось самім прыхаджанам беларускія малітвы ад студэнта з далёкага краю прыйшліся даспадобы.

«У прынцыпе, я ўсё жыццё па-польску малілася, а зараз па-беларуску. Мне падабаецца», – кажа прыхажанка касцёлу.

Апроч роднай ангельскай, студэнт-медык таксама валодае французскай і італьянскай мовамі ды першапачаткова праводзіў службы ў віцебскім касцёле Святога Духу па-ангельску. Аднак у выніку далучыўся да беларускай службы, бо лічыць гэта мясцовай традыцыяй, якую варта паважаць кожнаму замежніку.

Віталь Бабін, «Белсат»