Аб'ектыў 08.01.2018 Хашчавацкі: расейскія каналы як машыны нацыстаў


Любоў скончылася праз 16 гадоў. Тэлеканал СТВ цалкам адмаўляецца ад рэтрансляцыі праграмаў свайго сеткавага партнёра з-за ўсходняй мяжы – РЕН-ТВ. Раней сталічнае тэлебачанне пазбавілася расейскіх выпускаў навінаў, цяпер пад скарачэнне трапілі і праграмы дакументальнага і забаўляльнага характару.

Афіцыйна скарачэнне тлумачаць просьбамі гледачоў

Штопраўда, некаторыя праграмы расейскага партнёра на СТВ абяцаюць пакінуць. А таму гэткія «пярліны» як сусветныя змовы супраць Крамля і доказы таго, што Зямля пляскатая як блін, усё яшчэ могуць траўмаваць псіхіку беларускага гледача, заўважае кінарэжысёр Юры Хашчавацкі.

«У часе Другой усясветнай вайны немцы – фашысты, нацысты – выкарыстоўвалі машыны якія ездзілі з рупарамі і крычалі: «Рус, здавайся!». Усе расейскія тэлеканалы сёння ператварыліся ў гэткія машыны», – кажа ён.

А таму першае, што трэба зрабіць, дадае Хашчавацкі – гэта забараніць тэлевяшчанне з РФ у Беларусі наагул. Яшчэ нядаўна ажно дзве траціны тэлекантэнту ў нашай краіне было расейскай вытворчасці.

СТВ трансляваў РЕН-ТВ у абыход закону?

Між іншым, з заклікам да абмежавання кантэнту з-за ўсходняе мяжы і развіцця ўласнага да ўладаў Беларусі звярталіся і эксперты даследчага цэнтру «EAST» у межах даследавання інфармацыйнай бяспекі нашае краіны. Пры гэтым аўтары даследавання звярнулі ўвагу чыноўнікаў не толькі на пагрозы ідэалагічнага характару: у прыватнасці, рэтрансляцыі РЕН-ТВ на СТВ адбываліся ў абыход закону.

«РЕН-ТВ не знаходзіцца ў афіцыйным спісе каналаў, вяшчанне якіх дазволенае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэткі афіцыйны спіс існуе, у яго ўваходзіць больш за 200 каналаў, але дадзенага расейскага канала ў ім няма», – звяртае ўвагу супрацоўнік «EAST» Аляксандр Папко.

Якая рэальная прычына: палітыка ці грошы?

Ці спыненне – поўнае альбо частковае – рэтрансляцыі РЕН-ТВ на частаце СТВ – гэта крок уладаў па ўмацаванні інфармацыйнай незалежнасці ад Крамля?

Паводле былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі, а цяпер медыякансультанта ў Санкт-Пецярбурзе Аляксандра Зімоўскага, сапраўдная прычына можа быць да болю банальная.

«Кантэнт РЕН-ТВ штогод аплачваўся сумай з шасцю нулямі ў доларах ЗША. І найхутчэй СТВ сёння не ў стане плаціць гэткія грошы. Калі б улады сапраўды хацелі папросту перайсці на ўласны кантэнт, то пачалі б затыкаць «расейскі агітпроп» адразу з праграмы «Время». Абывацелю ж папросту распавядаюць байкі пра абарону інфармацыйнай прасторы», – упэўнены Зімоўскі.

Прыбраць расейскае ТБ – гэта паўкрокі да інфармацыйнай незалежнасці

Так мяркуе Юры Хашчавацкі. Галоўнай зброяй супраць прапаганды мае стаць не контрпрапаганда, а праўда.

«Я не ведаю, чым, да прыкладу, праграмы пра рэптылоідаў адрозніваюцца ад таго, якую дэмакратыю збудаваў Лукашэнка ў Беларусі. І тое, і гэтае – хлусня. Непрыхаваная хлусня і невуцтва! Таму параўноўваць конскі гной з каровіным – немагчыма! І той, і гэты дрэнна пахнуць», – даводзіць рэжысёр.

А таму – глядзім разам «Белсат»!

Валер Руселік, «Белсат», фота: pikabu.ru

Глядзі таксама
Каментары