Аб'ектыў 10.06.2018 Хадановіч прывёз у Варшаву самае дарагое


Менскі госць прывёз з сабой самае дарагое – вершы з кнігі «Нататкі таткі», вершы, якія пойдуць у новую кніжку, ды песні і пераклады – усё гэта менавіта для дзяцей, з зусім малога ўзросту.

«Даводзілася выступаць у Беларускай школцы ў Рызе шмат гадоў таму, даводзілася выступаць для маленькіх беларусаў Нью-Ёрку ў Брукліне. Але звычайна выступаю перад дзецьмі ў бібліятэках у Менску», – распавядае паэт.

Дзеці – публіка ўдзячная і поўная сюрпрызаў.

«Усе вершыкі спадабаліся», – кажа маленькі госць імпрэзы.
Які твой любімы вершык? – «Агурок». «Нуркуем у ванне, і розныя зверы: бобры, дэльфіны, акулы..».

«Менавіта для такіх сустрэчаў, для такой нефармальнай камунікацыі мы і ладзілі рэгулярныя сустрэчы і заняткі. Шыкоўна, што можна было сустрэцца дзеткам рознага ўзросту і бацькам, каб паспяваць і паслухаць добра вядомыя нам вершы», – кажа Марыя Луцэвіч-Напалкава з бацькоўскага камітэту Беларускай школкі ў Варшаве.

Імпрэза падсумавала сканчэнне першага навучальнага года Беларускай школкі ў Варшаве. Сюды на выходныя збіраюцца і будуць збірацца дзеці ды бацькі з розных раёнаў польскай сталіцы.

«Арганізаваліся разам з бацькамі і афіцыйна адкрылі беларускія групы пры польскім Міністэрстве адукацыі. Займаемся штосуботу з дзеткамі і беларускай літаратурай, мовай, геаграфіяй, лепкай – усё па-беларуску», – кажа выкладчыца Беларускай школкі ў Варшаве Ганна Дар.

На занятках «Нататкі таткі» чыталі ўсім класам. Так і з’явілася ідэя – запрасіць аўтара, каб вершы прачытаў і кнігі падпісаў.

«Добра, што мой маршрут так склаўся з Кракава ў Варшаву. Ніколі не шкада часу штосьці такое арганізаваць«, – кажа Андрэй Хадановіч.

Каб дзеці раслі беларусамі, бацькам трэба рабіць самае простае і самае важнае – размаўляць дома на матчынай мове, кажа Андрэй Хадановіч. Наступны крок – арганізоўвацца і сустракацца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары