Хадановіч: Пасля нобэля Алексіевіч паверыла ў беларускасць


Святлана Алексіевіч – лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, сапраўдны гонар нашае краіны. На сайце «Ulej.by» распачаўся збор грошай на калекцыйнае выданне цыклу «Галасы ўтопіі».

Над гэтым цыклам на беларускай мове кнігарня «Логвінаў» працавала два гады. У цыкл увайшлі самыя знакамітыя і актуальныя творы пісьменніцы, якія раней можна было зрэдку знайсці ў беларускамоўным перакладзе савецкіх часоў з цэнзураю.

Кнігі выдадуць без цэнзарскіх правак

Як зазначае адзін з перакладчыкаў, Андрэй Хадановіч, цяжка было не нашкодзіць творам сваім перакладам, бо Алексіевіч – гэта добрая дыягностыка грамадства, а галоўная мэта яе кніг – яго аздараўленне. І для дасягнення гэтай мэты тут і цяпер проста неабходным стаў новы пераклад, па-беларуску для Беларусі.

«Мне здаецца, пасля ўручэння Нобэля Святлана Аляксандраўна сама паверыла ў тое, што яна беларуская пісьменніца, і гэта добра. І беларускамоўная частка, сегмент нашай культуры таксама мусіць зрабіць крок насустрач», – упэўнены перакладчык.

Варта зазначыць, што пяць пісьменнікаў, якія займаліся перакладам, былі яшчэ і рэдактарамі працы іншых.

Замовіць жа адзін з твораў альбо поўны цыкл можна будзе ўжо з траўня.

Марыя Арцыбашава, «Белсат», фота: TT News Agency / Reuters / Forum