Аб'ектыў 01.04.2018 «Хачу жыць». Берасцейцы працягваюць змаганне супраць заводу «АйПаўэр»


Нягледзячы на шэраг няўдачаў, змаганне, якое пачалося ў студзені, працягваецца. Сёння жыхары Берасця ўжо шосты раз выйшлі на плошчу Леніна.

«Хачу жыць. І каб унукі мае жылі. Каб была чыстая экалагічная сітуацыя ў горадзе», – кажуць удзельнікі акцыі.

Гэтаму, на меркаванне ўдзельнікаў акцыі, пагражае будаўніцтва акумулятарнага заводу ў вольнай эканамічнай зоне «Берасце».

«Не ўсё нам зразумела ў гэтым пытанні. Таму стараемся выходзіць, падтрымліваць. Шкада, што людзей сёння мала», – адзначаюць удзельнікі акцыі.

Верагодная прычына – дождж. Падтрымаць мірны пратэст у выглядзе кармлення галубоў прыйшлі каля пяцідзесяці чалавек. Але праваабаронца Раман Кісляк іначай тлумачыць малую колькасць удзельнікаў.

«Улады дзейнічаюць шляхам рэпрэсіяў, то бок яны мякка ціснуць, запужваюць людзей. Ствараюць атмасферу страха», – канстатуе праваабаронца Раман Кісляк.

Гэтак пасля мінулай акцыі 25 сакавіка берасцейскія міліцыянты затрымалі чатырнаццацігадовага Ваню Стральцова. «Белсат» распавядаў пра гэта. Падлетку заламалі рукі ды паставілі на калені. Праз момант на месцы здарэння апынуўся ягоны бацька. Але гэта не спыніла сілавікоў.

Сённяшнюю ж акцыю суправаджалі аўтазакі. Да гараджанаў чапляліся супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы.

Удзельнікі акцыі кажуць:

«Кажуць, несанкцыянаваны мітынг. Які тут мітынг? Я не ведаю. Ужо, напэўна, хутка паход у царкву таксама мітынгам будзе лічыцца».

«Увогуле, размова ні пра што. Людзі не прадставіліся, нічога не сказалі, хто яны. Сказалі, супрацоўнікі Ленінскага РУУС. Якія канкрэтна супрацоўнікі, Бог яго ведае».

У руках берасцейцаў, якія не пабаяліся выйсці на вуліцы ўласнага гораду хоць і з мірным, але пратэстам, – балонікі з надпісам «Жыць». Напярэдадні іх, а таксама ўлёткі пра шкоду свінцу раздавалі актывісты. У межах кампаніі прыцягвання ўвагі да праблемы, у сярэдзіне сакавіка ў сеціве з’явіўся кліп з такой жа назваю.

Таксама берасцейцы стварылі сайт stopzavod.by, дзе можна падпісаць электронную петыцыю. Тут жа пералічаныя прычыны нязгоды гараджанаў на будаўніцтва заводу. Сярод іх: утварэнне штодня больш як трох тонаў небяспечных адкідаў, адсутнасць у праекце сістэмы іх маніторынгу, неадпаведнасці ды памылкі ў дакументацыі.

Гэтыя ды іншыя аргументы грамадскае аб’яднанне «Экадом» разам з мясцовымі актывістамі прадставілі дваццаць сёмага сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Берасця. Які, аднак, адхіліў пазоў да Берасцейскага райвыканкаму і кампаніі «АйПаўэр», якая і будуе завод.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары