Аб'ектыў 14.02.2018 «Хачу, каб закон быў адзін для ўсіх». Дыябетык змагаецца за права ездзіць аўтам


Цукровы дыябет – хвароба для песімістаў і лад жыцця для аптымістаў. Гэтак часам жартуюць лекары. І абавязкова дадаюць: каб цукрыца засталася толькі ладам жыцця, трэба прытрымлівацца пэўнага графіку. Гісторыя гарадзенца Юрыя Лакціёнава, хворага на дыябет вось ужо 20 гадоў, яскрава дэманструе, што будзе, калі адбіцца ад графіку. Ды яшчэ і не з уласнае волі, а з-за самадурства ўладаў.

З выгляду, гарадзенец Юры Лакціёнаў – здаровы мужчына. Між тым у вольны ад працы час удзельнік мясцовага гурта «Pet Nihil», які мае інваліднасць трэцяй групы па цукровым дыябеце, займаецца не толькі музыкай, але і змагаецца з чыноўнікамі за правы інвалідаў.

Супрацьстаянне пачалося яшчэ ўвесну летась, калі суд Кастрычніцкага раёну Горадні не толькі аштрафаваў Лакціёнава за дробнае ДТЗ, але і пазбавіў яго права кіраваць аўтамабілем на тры месяцы.

Паводле закону, забіраць правы ў кіроўцаў з інваліднасцю нельга. Вынятак – знаходжанне за стырном пад уплывам алкаголю ці наркотыкаў альбо нейкае іншае надзвычай групае парушэнне. Анічога падобнага ў Лакціёнава не было. Пацярпелыя ў леташняй аварыі прэтэнзіяў да яго не маюць.

«Як нам любяць гаварыць, што закон – адзін для ўсіх. Я хацеў бы, каб ён сапраўды быў для ўсіх адзін. Калі ёсць у кодэксе артыкул, які забараняе пазбаўляць інвалідаў правоў, то чаму ДАІ і затым суды выбарачна паставіліся да гэтай нормы?», – кажа Лакціёнаў.

Як вынік, у мужчыны прадказальна з’явіліся моцныя болі пра хаджэнні. Аналіз на глекіраваны гемаглабін пацвердзіў, што без машыны стан здароўя Юрыя моцна пагоршыўся.

«Акрамя звычайных ускладненняў па ціску і зроку ў мяне ўзнікла гэткае ўскладненне як астэаартоз левага тазасцегнавага сустава. Хто не ведае, перыядычна ўзнікаюць вельмі моцныя болі – калі ходзіш альбо доўга стаіш», – кажа Лакціёнаў.

Лекар Гарадзенскага гарадскога шпіталю Уладзімір Пруднікаў кажа, што без машыны мужчына вымушаны перасоўвацца пешшу.

«Перасоўванне пешшу павялічыла нагрузку на ступні. І ад таго ўсе ягоныя непрыемныя адчуванні», – кажа медык.

Абласны і Вярхоўны суды ледзьве не пад капірку адмовілі Лакціёнаву: маўляў, забралі толькі права кіраваць аўтамабілем, але не перасоўвацца.

Мужчына не збіраецца здавацца: ён ужо накіраваў скаргу ў Генеральную пракуратуру і рыхтуе яшчэ адну – у Канстытуцыйны суд.

Лакціёнаў сцвярджае, што калі і там не даб’ецца праўды, плануе звярнуцца ў Камітэт правоў чалавека пры ААН.

Валеры Руселік

Глядзі таксама
Каментары