Гурбангулы Бердымухамедаў – прэзідэнт з творчым падыходам, які перамагае песнямі


Калі б быў конкурс сярод самых таленавітых прэзідэнтаў – ён бы перамог. Паэт, спявак, лекар, спартовец і філосаф. Усё гэта спалучаецца ў асобе кіраўніка Туркменістану. Але цяпер для Гурбангулы Бердымухамедава галоўнае – перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах.

Душэўна і пра шчасце

Прэзідэнт Туркменістану перадвыбарчую кампанію ладзіць з творчым падыходам. Песню ўласнага аўтарства «Прамень шчасця» Гурбангулы Бердымухамедаў выканаў перад будаўнікамі газахімічнага комплексу ў Ахалскай вобласці.

Спявае ды нават «дыджэіць» пажыццёвы прэзідэнт агулам вельмі ахвотна.

Музыкаю таленты Бердымухамедава не абмяжоўваюцца

Як перадаюць афіцыйныя туркменскія медыі, з кніжных паліцаў разлятаюцца гіганцкія тыражы кнігаў кіраўніка краіны: пра мудрасць, маральную спадчыну, скакуноў, дываны, лекавыя расліны і гарбату.

Часам «Заступнік», а менавіта гэтак перакладаецца неафіцыйны тытул Бердымухаведа, бавіцца нават з рызыкаю для ўласнага здароўя, як здарылася на гэтых конскіх забегах з ягоным удзелам.

А вось здароўе шараговых людзей у такіх забавах мае значна меншае значэнне

Пра гэта сведчаць звесткі Туркменскай арганізацыі правоў чалавека, паводле якой, на шматлікія імпрэзы з удзелам Бердымухамедава масава зганяюць грамадзянаў, часам яны гадзінамі не маюць доступу да вады ці прыбіральні. А на будоўлю гіганцкага пазалочанага помніку прэзідэнту на кані грошы ўтрымлівалі з заробкаў працаўнікоў дзяржустановаў. Агулам краіну ставяць у дзясятку самых закрытых у свеце.

«Туркменістан – гэта на 100 % таталітарная краіна, дзе не выконваюцца ніякія правы чалавека. Там нават законы не выконваюцца. На ўсё ёсць воля прэзідэнта, ён можа прымаць нейкія рашэнні не згодна з законам, згодна з законам і ўвогуле не звяртаючы на іх увагі», – распавядае Ігар Віняўскі, эксперт у Цэнтральнай Азіі.

Трэція выбары пажыццёвага прэзідэнта Туркменістану пройдуць 12 лютага

Хутчэй за ўсё таксама з песнямі ды танцамі, але пры наяўнасці 7 кандыдатаў – фактычна безальтэрнатыўна.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: мchrono-tm.org