Гульня цягліцамі па абодва бакі беларускае мяжы. Хто каго?


НАТАўскія жаўнеры з 7 розных краінаў плячом да пляча бароняць стакіламетровы Сувалкскі калідор – палоску літоўска-польскага памежжа, паміж Калінінградскай вобласцю Расеі ды Беларуссю. Калі вораг здолее перарэзаць стратэгічную лінію, у акружэнні апынуцца ўсе 3 балтыйскія краіны. Вучэнні менавіта з такой легендай праходзяць цяпер у Літве.

«Галоўная мэта вучэнняў гэта застрашэнне, і падрыхтоўка жаўнераў здольных спыніць любую агрэсію. Ніхто не хоча давесці сітуацыю ў гэтым рэгіёне да крызіса. Але мы гатовыя ўсімі натаўскімі сіламі, разам з літоўскімі калегамі адстойваць сувернітэт Літвы, калі гэта спатрэбіцца», – кажа генерал-маёр ЗША Джон Гронскі.

Вучэнні носяць назву «Жалезны воўк 2017» і зʼяўляюцца часткай больш маштабных НАТА-ўскіх манеўраў пад назвай «Удар мяча». Арганізатарам выступае стаўка сухапутных сілаў ЗША ў Еўропе. Разам гэта больш за 3 тысячы жаўнераў з дзязсятка краінаў, цяжкая тэхніка, верталёты, знішчальнікі і нават стратэгічны бамбавік Б-52 з часоў халоднае вайны.

«Не трэба звязваць нашыя вучынні з манеўрамі «Захад 2017», якія Расея і Беларусь будуць праводзіць крыху пазней. У нас свае мэты, і мы трэніруем нашых жаўнераў згодна з нашай вайсковай дактрынай незалежна ад нікога», – распавядае кіраўнік сухапутных сілаў Літвы Вальдэмарас Рупшыс.

Адметна, што адначасова з пачаткам вучэнняў у Літве на брэсцкім палігоне адбываліся сумесныя расейска-беларуска-сербскія манеўры «Славянскае брацтва» з удзелам палутары тысячы жаўнераў з трох краінаў. Але галоўную палітыкаў з суседніх краінаў выклікаюць не яны, а запланаваныя на верасень сумесныя расейска-беларускія стратэгічныя вучэнні «Захад-2017», пасля якіх, як кажа шэраг вайсковых экспертаў, расейскія войскі могуць застацца на нашай тэрыторыі.

«Калі ў Літве і Польшчы праходзяць вучэнні НАТА, яны выразна дэкларуюць сваю мэту: не дапусціць расейскай агрэсіі ў Сувалкскім калідоры. Ці нехта дэклараваў мэту вучэнняў «Захад-2017»? Не, пакуль што не», – адзначае мбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Ад часу анэксіі Крыму Расеяй ды вайсковай агрэсіі супраць Украіны на Данбасе, Паўночнаатлантычны алʼянс паступова нарошчвае сілы ва ўсходняй Еўропе. У рамах гэтае стратэгіі міжнародны кантынгент з ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны а таксама іншых еўрапейскіх краінаў, разам з цяжкай вайсковай тэхнікай размясціўся ў базах на тэрыторыі Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы ды Румыніі.

ІК, «Белсат»