Гульня тронаў у Саудаўскай Аравіі нагнала кошты на нафту


Сёння Эр-Рыяд тлумачыць прычыны затрымання чальцоў каралеўскай сям’і, а таксама высокіх чыноўнікаў. Сярод высунутых супраць прадстаўнікоў палітычнай і бізнес-эліты абвінавачванняў – адмыванне грошай, растрата, хабарніцтва, выкарыстанне службовага становішча, вымаганне і карупцыя.

Пачатак шляху да рэформаў ці ўсё ж перавароту?

Загад аб барацьбе з карупцыяй напярэдадні падпісаў кароль Саудаўскай Аравіі Сальман бін Абд аль-Азіз аc-Сауд. Камітэт барацьбы з такога роду злачынствамі ўзначаліў ягоны сын Мухамэд бін Сальман.

Пазней тэлеканал «Аль-Арабія» паведаміў пра затрыманні 11-ці чальцоў каралеўскай сямʼі, чатырох дзейных і трыццаці чатырох былых міністраў.

«Няма сумневаў, што такія затрыманні супакойваюць гнеў звычайных грамадзянаў, якія лічаць, што такога кшталту асобы і вышэйшыя кіраўнікі абароненыя ад юрыдычнай адказнасці. Такія дзеянні сведчаць, што ніхто не вызваляецца ад адказнасці. І гэта, у канчатковым выніку, прынясе карысць грамадзянам і нацыянальнаму развіццю», – мяркуе палітычны аналітык і журналіст Мансур аль-Амійр.

Прычына не толькі ў выкананні запыту грамадства

Паводле інфармацыі экспертаў агенцтва «Блумбэрг», такім чынам манарх прыбірае магчымых супернікаў сына, які сёлета ўлетку ў абыход традыцыяў быў названы наследным прынцам.

«З гэтым якраз і могуць быць звязаныя гэтыя пературбацыі – Мухамэд бін Сальман і кароль бін Сальман займаюцца зачысткай поля. Для таго каб потым не мець перашкодаў у сваёй дзейнасці. Плюс гэта могуць быць і ваенныя фактары. Таму што аперацыя ў Сірыі і аперацыя ў Емене – я думаю, і там могуць быць нейкія падводныя камяні», – даводзіць Зміцер Міцкевіч, аналітыr «Belarus Security Blog».

Не менш важны фактар – грошы

Сярод затрыманых – 62-гадовы мільярдэр, пляменнік караля, прынц аль-Ўалід бін-Таляль, а таксама мільярдэры Салех Камэль з сынамі, уладальнік тэлеканалу «Аль-Арабія» Ўалід аль-Ібрагім, брат Усамы бін Ладэна, Бакр бін Ладэн, ды іншыя не менш «грашовыя» прадстаўнікі кіроўнай дынастыі.

«Чуткі пра тое, што Мухамэд бін Сальман хоча падзяліць маёмасць прынца Таляля, ходзяць ужо два гады. Раздзел уласнасці мільярдэраў адбудзецца як лагічны вынік іхнага арышту. Гэта непазбежна. І будзе таксама перадзел палітычнага ўплыву ў краіне. Гэтыя арышты – таксама прэвентыўны ўдар супраць магчымай спробы перавароту», – упэўнены Ілля Куса, усходазнавец liga.net.

Што магчыма як рэакцыя на анансаваныя спадчыннікам саудаўскага прастолу рэформы – сярод іншага разварот да памяркоўнага ісламу і паслабленне залежнасці эканомікі ад нафты.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Faisal al Nasser / Reuters / Forum