Гульні з колерам у Ноч музеяў


Музыка ды інсталяцыі, лекцыі ды перформансы. Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў для гасцей чатырнаццаць розных пляцовак. Наведнікаў больш, чымся ў звычайны дзень ці леташнюю Ноч музеяў.

Наведнікі музею:

«Мне вельмі спадабалася зала з Айвазоўскім. Ужо не ўпершыню была там, але заўсёды прыемна пастаяць там, паглядзець, злавіць нейкія добрыя ўражанні».

«Была і музыка, была і графіка, усё было цудоўна».

Тэма сёлетняй Ночы музеяў у Нацыянальным мастацкім – «Форма колеру».

«Мы пастанавілі пагуляцца з колерам у розных яго праявах. Святло, светлавыя заліўкі, 3D-мапінг каляровы, лекцыі пра колер, невялікія гісторыі, як колер уплывае на нашую свядомасць, на нашую штодзённасць. Гэта і каляровае фота, каляровыя ілюзіі», – кажа адзін з куратараў акцыі ў ННМ Дзмітрый Салодкі.

На ўсё гэта спатрэбілася некалькі месяцаў рыхтавання і прапрацоўвання канцэпцыі.

Агулам больш за дзвесце асобаў рыхтавалі свята для наведнікаў. Толькі ў самую ноч у Мастацкім музеі працавалі каля сямідзесяці валанцёраў.

«Адзін раз на год варта пабываць на такой Ночы музеяў, каб зразумець і адчуць, што такое сапраўдны музей з цудоўнаю калекцыяй. Калі гэтая калекцыя падаецца ў такую ноч крэатыўна, незвычайна», – кажа мастак Уладзімір Сайко.

Ноч музеяў – міжнародная акцыя, якая ўпершыню адбылася дваццаць адзін год таму ў Берліне. У Беларусі да яе сёлета далучылася больш за сто пляцовак.

Лола Бурыева, «Белсат»