Гучныя антыкарупцыйныя справы: барацьба са злом ці пыл у вочы?


Восем гадоў зняволення за карупцыйныя злачынствы атрымаў сёння былы кіраўнік Бабруйскага гарвыканкаму Андрэй Каваленка. Суд прызнаў экс-чыноўніка вінаватым у атрыманні хабараў на агульную суму больш як $ 20 тыс. Грошы былы мэр атрымліваў у 2015-16-ых гадах ад прадстаўнікоў камерцыйных структураў за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія былі ў ягонай кампетэнцыі.

«Я так лічу, што іх і вырошчваюць спецыяльна ў якасці ахвярных жывёлінаў. Каб заўсёды можна было паказаць, маўляў, вось хто вінаваты ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі», – мяркуе Анатоль Санаценка, рэдактар «Бабруйскага кур’еру».

Вертыкальшчык прызнаў вінаватым сябе толькі часткова

Маўляў, сумы хабараў былі не такія вялікія, бо за пасярэдніцтва даводзілася даваць грошы і іншым. Падчас слуханняў падсудны прызнаўся, што турма стала для яго вялізным фізічным і псіхалагічным выпрабаваннем.

«Адзін чалавек не можа кіраваць краінай эфектыўна, і таму будзе карупцыя. Нічога здзіўляльнага. Паступае ўказанне – чалавека ўзялі. Чаму гэтых людзей гэтак публічна судзяць? Бо існуе такое правіла – народ патрабуе хлебу і відовішч», – упэўненая праваабаронца Тамара Сяргей.

Чыноўніку было сорамна даваць хабар у рублях

Грошы Андрэй Каваленка атрымліваў для таго, каб развязаць пытанні з уладкаваннем асобных людзей на працу. Падчас судовых слуханняў бізнесовец Эльшад Ахундаў, які быў пасярэднікам у перадачы хабару былому чыноўніку, заявіў, што мяняў айчынную валюту на долары, бо першай асобе гораду было сорамна даваць хабар у беларускіх рублях. Сам бізнесовец і ягоны сын Артур атрымалі па 2,5 гады зняволення.

За 23 гады пры Лукашэнку карупцыі менш не стала

Толькі за тры апошнія месяцы, паводле падлікаў блогера Віктара Малішэўскага, колькасць злоўжыванняў уладаю і службовымі паўнамоцтвамі ў краіне вырасла на 92,9 %, а колькасць хабараў – на 67,7 %.

Пры гэтым за свежымі прыкладамі далёка хадзіць не даводзіцца – гэтак, днямі айчынныя сілавікі паводле падазрэння ў атрыманні хабару затрымалі топ-менеджара «БелАЗу» і пяць ягоных партнёраў. А літаральна напярэдадні Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю анансаваў новыя распрацоўкі ў крымінальных справах у адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Віталь Бабін, «Белсат»