Групоўка «Хамас» прывітала тэракт у Іерусаліме


У цэнтры Іерусаліму, побач са старым горадам грузавы «Mercedes» урэзаўся ў натоўп, ізраільскія праваахоўнікі практычна адразу заявілі, што гэта тэракт.

«Цягам гадзіны мы атрымалі пяць чалавек, якія былі параненыя ў выніку нападу. Чацвёра з іх атрымалі лёгкія раненні», – заявіў дырэктар медычнага цэнтру «Shaare Zedek» Офэр Мэрын.

Усе пацярпелыя – вайскоўцы. У момант тэракту, яны акурат выходзілі з аўтобусу. Паводле сведкаў, кіроўца грузавіка зʼехаў з дарогі і наўпрост накіраваў машыну ў бок людзей, якія выходзілі з аўтобуса. У момант наезду вайскоўцы адкрылі агонь па аўтамабілі. У паліцыі паведамілі, што тэрарыст быў «нейтралізаваны».

«Адбылася відавочна наўпроставая атака. Больш за 10 асобаў былі дастаўленыя ў шпіталі, і на жаль, мы вымушаныя пацвердзіць, што на месцы былі забітыя чатыры чалавекі», – адзначыў прэс-сакратар паліцыі Ізраілю Мікі Розэнфэльд.

Вось як апісвае тэракт ягоны сведка:

«Я пачуў крыкі і не адразу зразумеў, што адбываецца, я ўбачыў грузавік, які ехаў па тратуары ў бок жаўнераў. Жаўнерам спатрэбіўся нейкі час, каб застрэліць кіроўцу, а ён здолеў яшчэ ўключыць заднюю перадачу, каб развярнуць грузавік».

Ускосную адказнасць за тэракт узяла групоўка «Хамас». Прынамсі яе лідары прывіталі тэракт і кіроўцу грузавіка назвалі героем.

«Рух ісламскага супраціву вітае напад на Іерусалім. Мы лічым, што гэта натуральная рэакцыя на ізраільскую акупацыю нашай зямлі. Інтыфада супраць Ізраілю будзе працягвацца», – заявіў прэс-сакратар «Хамасу» Фаўзі Баргум.

Наезды на натоўп апошнім часам рэгулярна выкарыстоўваюцца тэрарыстамі. 19-га снежня ў Берліне грузавік наехаў на наведнікаў каляднага кірмашу. Ахвярамі здарэння сталі 12 асобаў, каля 50-ці атрымалі раненні. А 31-га снежня аўтамабіль пратараніў групу людзей у Хельсінкі, 7 чалавек атрымалі раненні, але ўлады Фінляндыі не палічылі той наезд тэрактам.

Адзін з самых гучных тэрактаў, калі кіроўца грузавіка заехаў у натоўп, адбыўся летась у французскай Ніцы. Тады загінулі 84 асобы, больш за 200 атрымалі раненні.

Чытайце таксама:

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu