Аб'ектыў 25.04.2017 Як Ветка чатыры месяцы рыхтавалася да візіту Лукашэнкі


26-га красавіка, у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы кіраўнікі Беларусі і Украіны наведаюць атамную станцыю, пасля чаго ўжо на тэрыторыі нашай краіны правядуць перамовы. У той жа самы дзень Аляксандра Лукашэнку чакаюць і ў Ветцы – пацярпелым ад радыяцыі горадзе на Гомельшчыне. Дзеля госця, які пабудзе там некалькі гадзінаў, горад рыхтаваўся 4 месяцы.

А як не чакаць?

Часта Лукашэнка – адзіная надзея на добраўпарадкаванне гораду. Сёлета доўгачаканае «шчасце» выпала жыхарам Веткі.

«Столькі гадоў ад вайны ўвесь час было не так як трэба, а цяпер паглядзі – дабрата якая», – кажа тутэйшая жыхарка.

Квітнее там, дзе крочыць Лукашэнка

Там, дзе мае ступіць нага кіраўніка краіны, узнікаюць дарогі, тратуары, платы, а дамы набываюць новае аблічча. Цешацца жыхары Веткі, не хаваюць радасці і рабочыя, што прыехалі наводзіць прыгажосць у горадзе.

«Белсат»: Заробак добры абяцаюць?

Працоўныя: «Нармальны, добры, хапае. Мільёнаў па 9, па 7, кожнаму».

Самыя ж жыхары Веткі могуць толькі памарыць аб такіх заробках – як, зрэшты, і ўвогуле аб працы:

«З працай цяжка. Многа зачынена прадпрыемстваў, шмат беспрацоўных, шмат людзей і маладых людзей з адукацыяй, а працы няма».

«Усё закрыта: адзін «Камунхоз» і «Аграсервіс» трохі і ўсё».

«Пазакрывалі ўсё – ткацкую, шоўкапрадзільную, няма ўвогуле працы. Беспрацоўе».

– сведчаць мясцовыя.

Жыві на забруджаным, харчуйся радыеактыўным

Дзеля таго, каб заахвоціць людзей жыць і працаваць у забруджаных ад радыяцыі рэгіёнах, кіраўнік краіны штогод у гадавіну Чарнобылю ладзіць кароткія выезды ў пацярпелыя мясцовасці.

Пра Ветку ўлады згадалі толькі на 31-шы год пасля чарнобыльскай катастрофы. Але ці такой увагі да сваіх праблемаў гэтак доўга чакалі жыхары Веткі – аднаго з найбольш пацярпелых ад радыяцыі райцэнтраў?

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары