Google просіць працаўнікоў пільна вярнуцца ў ЗША. Як Амерыка рэагуе на ўказ Трампа


Доналд Трамп падпісаў указ, якія забараняе часовы ўезд у краіну грамадзянам сямі краінаў. Новы прэзідэнт ЗША кажа, што гэтак ён змагаецца з радыкальнымі мусульманскімі тэрарыстамі. У Штатах распачаліся пратэсты.

Ангела Мэркель, Тэрыса Мэй і Жустын Трудо рэзка асудзілі пастанову прэзідэнта ЗША ўвесці часовую забарону на ўезд у ЗША ўцекачам і мігрантам з сямі мусульманскіх краінаў Блізкага Усходу ды Афрыкі – нават тым, у каго ёсць дзейная амерыканская віза ці «зялёная карта». У чорным спісе – грамадзяне Сірыі, Йемену, Іраку, Ірану, Лівіі, Самалі ды Судану.

Канадскі прэм’ер напісаў у «Тўітэры», што Канада і надалей будзе даваць прытулак тым, хто «ўцякае ад пераследу, тэрарызму і вайны».

У самых Злучаных Штатах шэраг губернатараў і кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў таксама назвалі ўведзеную забарону незаконнаю.

«Я не магу паверыць, што гэта адбываецца, – кажа сенатарка Элізабэт Ўорэн. – Я ведала, што пры Доналду Трампу будзе дрэнна, але ж не гэтак хутка».

Google заклікаў сваіх працаўнікоў па-за межамі ЗША тэрмінова вярнуцца назад. У кампаніі непакояцца, што ад гэтае дырэктывы могуць пацярпець больш за 100 яе працаўнікоў.

Не зважаючы на тое, што Трамп толькі ў пятніцу замарозіў праграму прыёму ўцекачоў і ўвёў абмежаванні на ўезд грамадзянаў з сямі мусульманскіх краінаў, ужо здарыліся выпадкі, калі пасажырам, якія ляцелі ў ЗША і перасядалі ў еўрапейскіх лётнішчах, не дазволілі трансферу.

Пакуль застаецца не зразумелым, ці адаб’ецца гэты ўказ на грамадзянах іншых краінаў, якія легальна жывуць у ЗША і маюць сталы від на жыхарства. Праваабаронцы раяць кансультавацца з юрыстамі пра іміграцыйнае права перад тым, як пакідаць ЗША.

Наста Ільіна