Гомельскія ІП скардзяцца на рэйдарскі захоп і пагрозы


Хацелі спакойна працаваць і зарабляць грошы, але цяпер падаюць заяўку на пікет пратэсту ды не выключаюць магчымасць галадоўкі. Бізнесоўцы, што набылі невялікія часткі будынку «Славія» ў Гомлі, кажуць, што ў іх беззаконна адбіраюць маёмасць за бясцэнак пры неўмяшальніцтве мясцовых уладаў.

«Раней гандлявалі на рынку запчасткамі. Улады прапанавалі ўкласці грошы, пабудаваць будынак і гандляваць цывілізавана. Сказалі, што рынкі будуць зачыняцца. Мы ўклаліся. Пабудавалі. У выніку ў нас гэта забіраюць», – абураецца Ігар Мажар, суўласнік бізнес-цэнтру «Славія».

Бізнес-цэнтр «Славія» адчыніўся 4 гады таму

За свае гандлёвыя кропкі людзі плацілі да $ 100 тыс. Цяпер кажуць, што іх прымушаюць заплаціць удвая больш за абслугоўванне будынку.

«Ідзе рэйдарскі захоп, поўнае безуладдзе. На рахункі выстаўляюцца завоблачныя сумы, якія мы не ў стане плаціць», – даводзіць Сяргей Кляцкоўскі, прадпрымальнік і яшчэ адзін суўласнік бізнес-цэнтру «Славія».

У некалькі разоў выраслі кошты за ахову і абслугоўванне

Рахункі выстаўляе таварыства ўласнікаў. Але большасць галасоў у таварыстве мае фірма «Спектрум Дэвелапмент». Яна і дыктуе старшыні, што рабіць, кажуць прадпрымальнікі.

«Галоўны ўласнік ОО «Спектрум дэвелапмент», агульны сход уласнікаў, старшыня таварыства, рэвізор і аўдытар гэта фактычна адная і тая ж асоба. Прозвішчы там могуць быць розныя, але фактычна адна асоба. Яны могуць правесці любое рашэнне», – тлумачыць Леанід Чарцілін, ІП і суўласнік «Славіі».

Асноўная прэтэнзія

На дробных уласнікаў скідваюць аплаты за электрычнасць, якую нібыта спажываюць буйныя арандатары «Спектрум Дэвелапменту». Старшыня таварыства ўласнікаў Анатоль Цытрынаў кажа, што ён толькі найманы працаўнік. Выдаткі выраслі, бо трэба было ўсталяваць электрычную падстанцыю. І ніякага рэйдэрства няма, проста канфлікт з некаторымі ўласнікамі.

«У кагосьці з іх за 3,5 гады не атрымалася наладзіць свой бізнес у гэтым памяшканні, яно пустуе, і шляхам шантажу і прыцягнення грамадскай увагі яны спрабуюць паўплываць на сітуацыю», – мяркуе Анатоль Цытрынаў, старшыня таварыства ўласнікаў.

Бізнес-цэнтр чакае дарагая рэканструкцыя

«На наступны год старшыня таварыства пазначыў каштарыс выдаткаў Br 10 млн. Гэта ён збіраецца выдаткаваць на абслугоўванне бізнес-цэнтру. Калі яго нанова пабудаваць, гэта будзе не больш за $ 5 млн», – дадаў спадар Чарцілін.

«Каштарыс будзе перагледжаны, бо хіба тэхнічная памылка, з бухгалтарам будзем размаўляць на гэтую тэму», – не пагаджаецца Анатоль Цытрынаў.

Пагрозы

Паводле прадпрымальнікаў, ім наўпрост пагражалі здушыць бізнес аплатамі, калі не распрададуць свае крамы за танна.

«Мы хадзілі ў Дзяржкантроль. Яны паглядзелі дакументы і сказалі – так, гэта рэйдарскі захоп. Але мы нічога не можам зрабіць», – скардзіцца Галіна Бяляева, гандлярка-суўласніца бізнес-цэнтру “Славія”.

«Улады бяздзейнічаюць», – падсумоўвае Ігар Маркелаў, яшчэ адзін бізнесовец, які лічыць сябе падманутым.

Ці дадуць бізнесоўцам дазвол на пікет, пакуль невядома.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».