Аб'ектыў 30.01.2017 Гомельскі гарвыканкам прапаноўвае фальшывыя вакансіі для беспрацоўных


Жадаеш уладкавацца на працу? Прыходзь у цэнтр занятасці. Шматлікія стэнды ды электронныя прыстасаванні выдадуць самыя розныя прапановы. Аднак, як сведчыць штодзённасць, усё не так проста. Да прыкладу, у Гомлі знайсці абвестку нескладана, а вось працу – не заўсёды. Менавіта таму далёка не ўсе беспрацоўныя выбіраюць шлях да такіх установаў.

«Белсат» пастанавіў спраўдзіць, як працуюць базы прапановаў у цэнтры занятасці Гомля

На стэндзе можна знайсці абвестку фірмы «Сож Строй», якая шукае кандыдата на пасаду дырэктара з заробкам тысяча рублёў. Аднак паданы ў інфармацыі адрас прыводзіць вось сюды – да закінутага будынку без нумара і шыльды арганізацыі.

Яшчэ горш справы выглядаюць на прыватным прадпрыемстве «Белфрутплюс»

Знайсці дарогу сюды вельмі складана, патэнцыйных працаўнікоў вітаюць сабакамі, а сам кіраўнік фірмы заяўляе, што ніякіх абвестак у цэнтр занятасці не даваў.

«Мы не давалі абвестак. Столькі людзей ужо звярнулася! Гэта памылка!», – патлумачылі нам у «Белфрутплюс».

Ва ўпраўленні працы і занятасці Гомельскага гарвыканкаму ў памылках не прызнаюцца

Затое чыноўнікі ведаюць, у чым сапраўдная прычына хаосу. Маўляў, людзі не туды глядзяць.

«Чаму вы не можаце паглядзець у кампʼютары? Пры чым тут стэнды? Людзі прыходзяць, звальняюцца, наймаюцца. Вакансія не можа доўга вісець. Час ідзе наперад, людзі рухаюцца, а свежая інфармацыя ў кампʼютары», – цвердзяць  у гарвыканкаме.

А што, калі кампʼютара няма? І ўвогуле навошта тады стэнды?

Пытанні пакуль застаюцца без адказу. Аднак фальшывыя вакансіі яшчэ не вычэрпваюць глыбіню праблемы. Нават калі прапанова працы і актуальная, яна не заўсёды прывабная. Гэтак, адна з гомельскіх фірмаў гатовая прыняць на працу асобу з веданнем іўрыту, англійскай і азербайджанскай моваў усяго за Br 300 на месяц. І гэты прыклад далёка не адзіны.

Спагнанні для выплаты «падатку на дармаедства» атрымалі каля 440 тысячаў чалавек

Афіцыйна ж у Беларусі зарэгістравана толькі 35 тысячаў беспрацоўных. Ва ўсёй краіне працягваецца збор подпісаў за адмену прэзідэнцкага дэкрэту. У Гомлі акцыю ініцыявалі незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці і Абʼяднаная грамадзянская партыя.

Актывісты раздаюць больш падпісных лістоў, каб самі людзі, якія сутыкнуліся з праблемай хадзілі і збіралі подпісы.Бо ад «падатку на дармаедства» не застрахаваная сёння пераважаная большасць беларусаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары