Праз няправільнае будаўніцтва ў Гомлі могуць абрынуцца жылыя дамы


Адное пабудавалі, другое – сапсавалі. Гомельскія чыноўнікі нібы зацеялі добрую справу – пастанавілі пабудаваць падземны пераход. Але будаўніцтва вялося гэткім чынам, што ў блізкіх жылых дамах з’явіліся… расколіны. Жыхары баяцца, што дамы могуць разбурыцца, але ад гарадскіх уладаў дапамогі няма.

«Па начох страшна спаць, не хочацца быць з раніцы пахаваным пад уласнаю столлю», – скардзіцца мясцовая жыхарка Юліяна Матузава.

Будынак, якому няма 10 гадоў разыходзіцца па швах

Расколіны як павуцінне аблыталі і старыя і новыя дамы непадалёк месца, дзе будавалі падземны пераход і пашыралі праезную частку вуліцы Інтэрнацыянальнай. Праблемы зʼявіліся адразу як звонку, гэтак і ўнутры будынкаў.

«Калі пачаліся першыя вібрацыі, у нас адвалілася тынкоўка ўвогуле, адвалілася кавалкамі», – узгадвае Юліяна.

Жыхары пачалі скардзіцца чыноўнікам, але безвынікова. І толькі калі ў сацыяльных сетках змясцілі вусцішныя фотаздымкі будынкаў, праблема атрымала медыйны розгалас. Перадусім – справа велічнага «алімпійскага» дому, што меўся быць упрыгажэннем гораду ды ўзорам жылля павышанай камфортнасці. Будынак, якому яшчэ няма і 10 гадоў, літаральна разыходзіцца па швах.

Чыноўнікі нічога рабіць не збіраюцца

Менавіта тое, што расколіны павялічыліся, а не зʼявіліся цяпер, праз будаўніцтва пераходу, дало нагоду чыноўнікам не звяртаць увагі на скаргі жыхароў «алімпійскага» дому.

«Расколіны – гэта тэма не сённяшняга дня, таму звязваць іх з’яўленне з рамонтам вуліцы Інтэрнацыянальнай няма сэнсу», – даводзіць Алег Краўцэвічус, намеснік дырэктара КЖРЭУП «Цэнтральнае».

Не хочуць чыноўнікі звязваць з рамонтам вуліцы і павелічэнне раней невялікіх расколінаў да цяперашніх небяспечных памераў. Бо ў выпадку прызнання гэтага давялося б рамантаваць пацярпелы дом, а так – гэта праблема жыхароў.

Рамонт будзе за кошт жыхароў?

«Зараз за свае ўласныя сродкі нам, напэўна, давядзецца аднаўляць гэты дом», – упэўненая Таццяна Нікеенка, старшыня таварыства ўласнікаў «Алімпійскага» дому.

Але раней не было расколінаў на сталінках, прылеглых да вуліцы Інтэрнацыянальнай. Шчыліны там зʼявіліся менавіта падчас будаўнічых працаў. Аднак і жыхары гэтых дамоў не могуць дамагчыся рамонту ці кампенсацыі ад уладаў.

«У нас такая сітуацыя, што вельмі любяць ганяць з кабінета ў кабінет. Ты ідзеш да адных, яны – гэта не да нас, ідзіце да іншых», – тлумачыць спадарыня Юліяна.

Або як у вядомай фразе – прыходзьце заўтра. Толькі нікому з жыхароў не хочацца ні пабачыць, ні адчуць на сабе гэткае «заўтра», дзе іх дом раптоўна распадаецца.

Вольга Старасціна, «Белсат»