Год за патрон. Чаго дзяржава прычапілася да мастака?


Былога фігуранта «Справы патрыётаў» Андрэя Бяляўскага прызналі вінаватым у незаконным захоўванні боепрыпасу ва ўласнай кватэры. А менавіта – патрона ад аўтамата Калашнікава. У якасці пакарання Бяляўскага прыгаварылі да аднаго году абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову.

Патрон да аўтамата Калашнікава, знойдзены супрацоўнікамі спецслужбаў у ягонай кватэры падчас ператрусу напярэдадні Дня Волі, прызналі баявым. А Андрэя – вінаватым у незаконным захоўванні боепрыпасаў. Суддзя задаволіла запрошанае напярэдадні пракурорам пакаранне адзін год «хатняй хіміі». Абвінавачаны заявіў, што збіраецца абскарджваць прысуд.

Крымінальны пераслед Бяляўскага за патрон распачалі адразу пасля таго, як Следчы камітэт спыніў справу «Белага легіёну». Паводле яе арыштавалі 35 чалавек, спачатку быццам бы за рыхтаванне масавых беспарадкаў, а пасля – за стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання. Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне паказала прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ». У выніку справу зачынілі, але засталіся прэтэнзіі да Бяляўскага: падчас вобшуку з ягонай кватэры забралі патрон. Андрэй жа сцвярджае, што знайшоў яго ў набытым аўтамабілі, прынёс дадому і забыўся. На паседжанні ж прызнаў віну, што адразу не пазбавіўся.

Артыкул, які інкрымінавалі Андрэю Бяляўскаму, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папраўчых працаў або да сямі гадоў зняволення. Аднак і абмежаванне волі на год мяккім прысудам не назавеш. Да прыкладу, грамадзяніна Францыі Жаляна Віё, які летась збіраўся правезці праз беларускую мяжу пісталетны патрон у якасці сувеніра, прызналі невінаватым.

Пакаранне ў выглядзе штрафу запрошваў пракурор для француза з патронам. Для былога фігуранта «Справы патрыётаў» на саступкі – пакаранне ніжэй прадугледжанага мінімуму – дзяржаўны абвінаваўца не пайшоў. Калі прысуд абскардзіць не ўдасца, Андрэй Бяляўскі застанецца ў падвешаным стане, бо любы ўмоўны прысуд нават пры дробным парушэнні можа быць пераведзены ў рэальны тэрмін.

Аляксандр Папко, «Белсат»