Гледачы «Белсату» дапамаглі сям’і з Дзяржынску выплаціць доўг за камуналку. Дзяцей не адбяруць


Сям’я Мокас з Дзяржынску, якая звярталася да «Белсату», бо іхных пяцёх дзяцей маглі забраць у прытулак, выплаціла ўсю запазычанасць. Адразу пасля выхаду сюжэту адгукнулася вялікая колькасць неабыякавых гледачоў, якія прапанавалі дапамогу.

«Сюжэт выйшаў у чацвер, а ў выходныя: суботу-нядзелю сталі паступаць грошы на рахунак, яны пыталіся рахунак банку, куды можна пералічыць грошы, было два чалавекі, якія пералічылі грошы на пошту, і былі людзі, якія пераводзілі грошы з Расеі. Сума была сабрана значна большая, чым была патрэбна», – кажа Марына Мокас, маці 5 дзяцей.

Нагадаем, сям’і надалі статус сацыяльна небяспечнага стану, бо існавала запазычанасць за электраэнергію, якая складала Br 350.

«Хачу сказаць дзякуй усім тым людзям, якія аказалі дапамогу ў вырашэнні гэтай праблемы. Таму што сваймі сіламі мы б не справіліся», – распавядае Мокас.

Пасля выплаты запазычанасці сацыяльныя службы пачалі рыхтаваць пакет дакументаў, каб зняць з сям’і ганебны статус.

«Трэба было прадставіць даведку, што пазыкі няма, я яе прадставіла. Узяла ў энергазбыце. А так вырашаюць мясцовыя ўлады, школы, СПЦ. Прытэнзіяў да мяне ні з адной школы няма, ад СПЦ таксама няма, таму я думаю, што на гэтым тыдні здымуць», – тлумачыць маці 5 дзяцей.

Пасля выхаду сюжэту таксама падключыліся чыноўнікі прапанавалі Марыне сабраць паперы на аказанне адраснай дапамогі, памер сумы і тэрміны выплаты жанчына не ведае, але задаволеная такім развязаннем.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»