Гісторыя з Жаданом: хацелі дэпартаваць з Менску, бо загадала Масква


Пасля выступу на першым дні Міжнароднага фестывалю памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», Сяргей Жадан адпачываў у гатэлі «Юбілейны». А другой гадзіне ўначы знакаміты паэт і пісьменнік пазнаёміўся з беларускай гасціннасцю.

«Я раптам пачуў настойлівы стук у дзверы. Я не кінуўся адкрываць, бо думаю – раптам хтосьці памыліўся, але пасля зразумеў, што дзверы адкрываюцца і без мяне. Тады выходжу і бачу трох людзей у міліцэйскай форме, а з імі працаўнік гатэлю. Яны былі даволі напружаныя і ледзь не са страхам у вачах – відаць сапраўды чакалі, што нейкі тэрарыст зараз будзе адстрэльвацца», – распавядае Сяргей Жадан.

Беларускія праваахоўнікі мелі чаго баяцца, бо аказалася, што ў Расеі Сяргея Жадана лічаць датычным да тэрарыстычнай дзейнасці. Не знаёмыя з асобаю пісьменніка, міліцыянты да трэцяй уначы намагаліся высветліць, якім чынам той датычны да тэрарызму. У выніку пакінулі на ноч у пастарунку, а пасля далі 72 гадзіны на тое, каб пакінуць Беларусь. Праўда, лічаныя гадзіны таму забарону анулявалі.

Адзін з арганізатараў фестывалю, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Андрэй Хадановіч не хавае абурэння:

«Гісторыя з Сяргеевым штампам пра няўезд, пра тое, як лёгка расейскія спецслужбы звязаліся з беларускімі, а тыя яго знайшлі, паказвае, што не да канца мы самастойныя: нейкі расейскі дзядзька вырашае, хто вораг Беларусі, мусіць, ці не мусіць знаходзіцца ў нашай краіне».

Ні ў беларускай міліцыі, ні нават ува украінскай амбасадзе, якая накіравала ў МЗС Беларусі ноту пратэсту, ня ведаюць – якім чынам Жадан датычны да тэрарызму. Паэт быў адным з лідараў Харкаўскага Майдану. У студзені 2014 года людзі з георгіеўскім стужкамі на руках збілі пратэстоўцаў, у тым ліку і самога Жадана. Больш за тое невядома, як доўга ён не зможа ўехаць у нашую краіну.

І такая забарона – страта ня толькі для дыпламатычных стасункаў паміж нашымі краінамі, але і для культурніцкай супрацы.

«Сяргей Жадан – той, хто на культурным узроўні бʼецца за паляпшэнне ды пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю ды Украінай», – кажа Андрэй Хадановіч.

Сітуацыя з Сяргеем Жаданом ня першая сёлета. Першага лютага з Беларусі дэпартавалі журналіста «Грамадскага тэлебачання Данбасу» Віталя Сізава. Прычына была тая ж – яму забаронены ўезд у Расею. Ці нармальна, што нашая краіна высылае непажаданых у Расеі людзей? Мы запыталіся ў жыхароў Менску.

«Расея – Расеяй, Беларусь – Беларуссю, калі ў іх там ёсць канфлікты, то хай самыя і не ўпускаюць. А калі ў гэтых людзей няма парушэнняў адносна нас, то хай без перашкодаў уязджаюць», – выказваецца малады хлопец.

Наступны апытаны дзеліцца сваім меркаваннем:

«Я лічу, што гэта псуе імідж краіны, што мы павінныя быць больш незалежныя ад Расеі, і гэта нам будзе толькі на плюс».

Дзяўчына, да якой звярнуўся з пытаннем карэспандэнт «Белсату», кажа:

«Гэта ж нас старэйшы брат, я лічу, што дзеля бяспекі не варта псаваць дачыненні з Расеяй, лепш падпарадкавацца, лепш быць памяркоўнымі».

Цікава, што пакуль Менск дэпартуе людзей з расейскага чорнага спісу, Масква ў аднабаковым парадку вяртае памежную зону з нашай краінай. Што ж да Сяргея Жадана, то ён, як і планаваў сёння вяртаецца на Радзіму.

Чытайце таксама: