Аб'ектыў 20.03.2018 Гісторыкі з усёй Еўропы прызналіся, што думаюць пра БНР


Сто гадоў часовасці – дыскусія з такою ледзьве не правакацыйнаю назваю прайшла ў Нямецкім гістарычным інстытуце ў Варшаве. Беларусь, краіны Балтыі, Украіна, Польшча – усе сёлета адзначаюць першае стагоддзе абвешчання сваёй незалежнасці. Заслугі БНР для беларускай дзяржаўнасці прызнаюцца апошнімі гадамі нават на афіцыйным узроўні.

Паўтара дзясяткі гісторыкаў з Нямеччыны, Польшчы, Швецыі, Украіны і Вялікай Брытаніі – ўсе даследчыкі перыяду параду незалежнасцяў у нашым рэгіёне. Абвешчаная сто гадоў таму незалежнасць гэтых краінаў пратрымалася ў лепшым выпадку да Другой Сусветнай вайны. Але ці нашая незалежнасць сёння – усцяж часовая?

«Часовае вымярэнне дзяржаўнасці – сёння актуальнае. І тое, наколькі Беларусь незалежная дзяржава – таксама актуальнае. Мы ўсе ведаем, што яно актуальнае з геапалітычнага гледзішча – пасля здарэнняў ува Украіне гэтая незалежнасць стала больш важная», – мяркуе гісторык Фелікс Акерман.

Часовасць – натуральны стан для любой дзяржавы.

Кожная дзяржава змяняецца – хоць бы ўзгадайма, як за апошнія некалькі год змянілася стаўленне ўладаў да беларускае гісторыі. Так пра БНР кажуць цяпер.

«БНР – гэта беларускі палітычны праект, які на жаль так і ня стаў дзяржавай. Гэта не нямецкі праект», – кажа дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Нямецкім праектам прыхільнікі разумення беларускай дзяржаўнасці, як нашчадка БССР часцяком называюць БНР з-за звароту часткі яе Рады да Нямеччыны з просьбаю аб прызнанні суверэнітэту. Сама гісторыя пэўным чынам дапамагае яднаць каштоўнасці БНР з БССР. Як афіцыйны Менск гэта бачыць, тлумачыць гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч.

«У дваццаць пятым годзе БНР фактычна перадала свае паўнамоцтвы савецкаму Менску і ў такім сэнсе, яны як бы аб’ядналіся. Ну, а ўсё, што было пасля – пасля 25 года і час нямецкай акупацыі, дык гэта калабарацыя і гэта не сапраўдныя беларусы і ад гэтага мы адмаўляемся», – зазначае гісторык Андрэй Чарнякевіч.

Такая пазіцыя зʼявілася не адразу і нават у пэўным сэнсе вымушана.

«Улады выкарыстоўваюць гісторыю, як такі шчыт дзяржаўнасці. Я добра памятаю, што ў 2001 годзе на сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, Лукашэнка пачаў казаць пра праект Саюзнае Дзяржавы, пра яднанне, на што Пуцін запрапанаваў яму ўваходзіць у саюз вобласцямі. І тады ў адказ пачалося павольнае пераасэнсаванне гісторыі Беларусі», – кажа гісторык, прафесар Нацыянальнага ўніверсітэту Сінгапуру Пэр Рудлінг.

Гісторыкі нагадваюць, што ўсяго якіх трыццаць гадоў таму, далёка ня кожны мінак увогуле ведаў бы пра існаванне БНР. І СССР падаваўся непарушным і пра незалежнасць думалі адзінкі. А цяпер і савецкая мінуўшчына падаецца ўсё больш далёкай.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары