«Гэта было страшна». Жыхары Нью-Ёрку пра тэракт на Мангэтане


У Нью-Ёрку 15:05. Невялікім цяжкавіком тэрарыст заехаў на роварную дарожку. І з хуткасцю 90 кіламетраў за гадзіну тараніў пешаходаў і раварыстаў больш за кіламетр.

6 чалавек загінулі на месцы, двое – дарогаю ў шпіталь

Яшчэ 11 цяжка параненыя. Іхным жыццям, як кажуць медыкі, ужо няма пагрозы.

Тэрарыст сутыкнуўся са школьным аўтобусам і кінуўся ўцякаць. Пры гэтым размахваў двума фальшывымі, як высветлілася пазней, пісталетамі. Паводле медыяў, выкрыкваў «Алаху Акбар!» Але быў паранены паліцыянтам у жывот.

Хто гэты тэрарыст?

Нападнік – Сайфула Саіпаў, 29-цігадовы нарадзінец Узбекістану, які прыехаў у Амерыку ў 2010-ым годзе. Ён працаваў кіроўцам, жыў за 40 кіламетраў ад месца злачынства – у Патэрсане, штат Нью-Джэрзі. У горадзе жывуць прыблізна 30 тысяч мусульманаў. І гэта іхная найбольшая канцэнтрацыя паблізу Нью-Ёрку. Прэзідэнт Трамп тут жа выказаўся пра ўзмацненні суворасці праграмы адбору ўцекачоў.

«Я загадаў Дэпартаменту ўнутранай бяспекі ўзмацніць нашую сістэму кантролю, якая і без таго досыць суворая. Палітычная карэктнасць – гэта добра, але не ў гэтым выпадку», – мяркуе Трамп.

МЗС Узбекістану заявіла, што разбіраецца ў сітуацыі

А вось журналісцкія расследаванні паказваюць, што баевікі з Сярэдняй Азіі ды постсавецкіх краінаў Каўказу актыўна рыхтуюць джыхадыстаў у Сірыі.Дзейнасць групы з магчымасцямі інтэрнэту перастае мець межы. Гэта гандаль зброяй, навучанне, кансультаванне. Найперш – рыхтаванне прафесійных баевікоў

«Вельмі шмат расейскамоўных баевікоў уліліся ў шэрагі джыхадысцкіх групаў у іхнай вайне з рэжымам аль-Асада. Паводле звестак «Soufan Group», у Сірыі налічваюцца не менш за 4700 замежных баевікоў з былога СССР. Пераважная бальшыня якіх прыбыла з Чачэніі і Дагестану», – піша выданне «Foreign Policy».

У гэтым кантэксце цікавы факт, што тэракт на Бостанскім марафоне ў 2013-ым годзе здзейснілі браты Царнаевы – чачэнцы з нацыянальнасці, якія жылі ў Дагестане, а пазней, маючы грамадзянства Кыргызстану, пераехалі ў ЗША.

Учорашні тэрарыст-узбек дзеяў ад імя гэтак званае Ісламскае дзяржавы

І хоць паліцыя кажа пра «ваўка-самотніка», гэта найбуйнейшы тэракт пасля нападу на Сусветны гандлёвы цэнтр 11-га верасня 2001-га года. Вядома, колькасць ахвяраў непараўнальная. Тады загінулі больш за 2600 асобаў. Пасля гэтага захады бяспекі зрабіліся суворыя. Таму тэрарысты апошнім часам пачалі выкарыстоўваць цяжкавікі. Почырк падобны і ў некалькіх апошніх атаках у Еўропе. Хоць колькасць ахвяраў, найчасцей, невялікая, эфект панікі ды атмасфера страху дасягаюцца.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Brendan Mcdermid / Reuters / Forum