«Гэта бітва за Еўропу». Рахой пра адзінства Іспаніі


Па Іспаніі праходзяць мітынгі праціўнікаў незалежнасці Каталунні.

Найбольш масавая акцыя праціўнікаў аддзялення Каталунні прайшла ў Мадрыдзе. На шматтысячным мітынгу ў сталіцы прыхільнікі адзінства Іспаніі заяўлялі, што «прыйшлі сюды, каб запатрабаваць спынення перавароту і крамолы з боку ксенафобскіх і расісцкіх каталонскіх уладаў».

«Каталонія – гэта Іспанія», – кажа журналістам адзін з удзельнікаў.

«Мы прыйшлі падтрымаць адзінства Іспаніі. Мы не хочам, каб іспанцы сварыліся між сабою. Сепаратыстаў – меншасць. Я думаю, што большасць каталонцаў хочуць быць з намі», – дадае жанчына.

Удзельнікі акцыяў звярталіся да ўраду Іспаніі і да ўладаў Каталоніі з заклікамі як мага хутчэй пачаць перамовы для дасягнення кампрамісу.

«Размаўляйце адзін з адным, або сыходзьце» – такія, між іншага,

патрабаванні гучалі з боку пратэстоўцаў супраць расколу дзяржавы. Аднак афіцыйны Мадрыд пакуль не мае намеру весці перамовы з Барсэлонай. Ён лічыць рэферэндум аб незалежнасці Каталунні нелегітымным.

«Ключ да вырашэння праблемы – у вяртанні да нармальнага стану, да законнасці. Я магу запэўніць: урад будзе спыняць любыя спробы абвяшчэння незалежнасці. Іспанія застанецца Іспаніяй і працягне ёю заставацца яшчэ доўга», – заявіў прэм’ер-міністр краіны Мар’яна Рахой.

Прэм’ер-міністр Іспаніі заклікаў каталонцаў да вяртання ў прававое поле і адзначыў, што праблема Каталоніі стала «бітвай за Еўропу».

Адметна, што акцыя за адзіную Іспанію адбылася і ў самой Барсэлоне. Арганізатары назвалі яе «мітынгам маўклівай большасці», бо каталонцы, якія выступаюць супраць аддзялення ад Іспаніі, байкатавалі рэферэндум аб незалежнасці. Удзел у сённяшняй акцыі ўзялі некалькі дзясяткаў тысяч каталонцаў. Яны выказваліся за мірнае рашэнне праблемы і заклікалі да дыялогу, паміж Барсэлонаю і Мадрыдам.

«Я паважаю меркаванне кожнага, але парушэнне законаў з боку ўладаў паважаць немагчыма. Мы тут злучаныя, каб папрасіць іспанскі ўрад спыніць гэта: спыніць прыніжэнне і пакуты каталунцаў», – кажа ўдзельнік маніфестацыі ў Барсэлоне.

Рэферэндум аб незалежнасці Каталунні адбыўся 1 кастрычніка. Афіцыйны Мадрыд спрабаваў любым чынам перашкодзіць галасаванню. Тысячы паліцыянтаў штурмавалі ўчасткі і забіралі скрыні з бюлетэнямі. У найбуйнейшых гарадах рэгіёну ўспыхнулі масавыя акцыі пратэсту, у выніку пацярпелі каля 900 чалавек. Увесь тыдзень на вуліцах Барсэлоны не сціхаюць пратэсты і трываюць страйкі.

Парламент Каталоніі мае намер у аўторак абмеркаваць сітуацыю. На думку шэрагу аналітыкаў, у гэты ж дзень дэпутаты могуць абвесціць незалежнасць рэгіёну. У той жа час прэм’ер-міністр Іспаніі Марʼяна Рахой паабяцаў зрабіць усё, каб не дапусціць аддзяленне Каталоніі. Раней Канстытуцыйны суд Іспаніі не прызнаў галасаванне адпаведным канстытуцыі.

Сцяпан Святлоў; на вокладцы – мужчына падчас мітынгу ў падтрыманне адзінай Іспаніі зайшоў у фантан на плошчы Калумба ў Мадрыдзе. 7 кастрычніка 2017 года. Фота – Javier Lizon/EFE