Аб'ектыў 06.07.2018 «Geely» так і не стаў народным


Было шмат рэкламы ды спадзяванняў на недарагое і якаснае аўта, і вось нарэшце седан беларускай зборкі «Geely Emgrand 7» пабачыў свет. Толькі кошт аўта замест анансаванага не больш за Br 23 тыс., сягае амаль 30 тысячаў. Ці можа такі аўтамабіль стаць «народным»?

Хоць у продажы «Geely Emgrand 7» з’явіцца толькі ўвосень, аўта ўжо можна пабачыць у менскім аўтасалоне ды прыцаніцца. А тут кроку насустрач народу не атрымалася. Кошты пачынаюцца ад 24 600 рублёў для механікі да 28 900 рублёў для каробкі аўтамат. Хоць на стадыі распрацоўкі аўта планаваны кошт называлі больш, чым на паўтары тысячы танней.

«Фактычныя затраты, магчыма, перавысілі планаваныя, каб гэта быў бізнес, а не проста так, дэклараванне кошту дзеля кошту, напэўна прыйшлі да таго, што эканамічна абгрунтаваная падвышэнне цаны», – кажа галоўны рэдактар газеты «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка.

Што праўда, цяпер маркетолаг «БелДжы» патлумачыў: агучвалі суму без уліку дылерскай нацэнкі. Але нават за 23 тысячы рублёў і пры выгадных умовах крэдытавання далёка не ўсе жыхары нашае краіны здолелі б набыць аўта.

Для параўнання: найбольш хадавыя сярод беларусаў аўты «Renault Logan» і «Volkswagen Polo» каштуюць ад 18 і 22 тысячаў рублёў адпаведна. Дык навошта пераплочваць?

«Ніхто не хоча несці грошы і аддаваць за невядомы прадукт, калі можна за тыя ж самыя грошы набыць «Renault», якое даўно на рынку беларускім знаёмае, і вядома, што праз 5 гадоў яе можна будзе прадаць за нармальныя кошты, яна не сапсуецца заўтра, з запчасткамі няма праблемаў», – адзначае журналіст, аўтааматар Ігар Кулей.

Гэтак размовы пра народны аўтамабіль хутка скончыліся. Цяпер рыторыка кіраўніка «БелДжы» гучыць пра тое, што для пакупніка рыхтуюць не таннае аўта, а годную якасць валодання «Geely». Аднак, каб дамагчыся даверу ў спажыўца, нават у такой знанай цяпер маркі, як «KIA», сышоў не адзін год.

«Яшчэ 15 гадоў таму лічылася вельмі танным аналагам нейкіх японскіх аўтамабіляў. Але сёння, праз 15 гадоў, яны здолелі збудаваць імя сваёй маркі і сёння яны прадаюцца вельмі паспяхова пры тых жа самых коштах, што прапаноўваюць, напрыклад, японскія аўтамабілі. «Geely» таксама чакае доўгі шлях у 10-20 гадоў, каб збудаваць, і гэта пры ўмове, што яны нідзе не спатыкнуцца», – працягвае Ігар Кулей.

Калі не для айчыннага спажыўца, то на экспарт у Расею. Гэткія планы «БелДжы» агучыў яшчэ летась. Тым не менш у рэйтынгах найбольш прадаваных у Расеі аўтамабіляў ані летась, ані за апошнія месяцы не фігуруе «Geely». У лідарах – тамтэйшыя «Лады» і тыя ж карэйскія «Кіа Ріо».

«Сваю долю вельмі складана там заняць, бо там вельмі сурʼёзная канкурэнцыя, вялікая колькасць выпускаецца аўтамабіляў на тэрыторыі Расеі, і канкураваць з імі – складана», – адзначае Анатоль Шаўчэнка.

У планах «БелДжы» пакуль выпускаць 25 тысячаў «Geely». Пакуль жа сярод прададзеных летась у Расею седанаў налічваюць крыху больш за 500 аўтаў. І нават калі чыноўнікаў працягнуць перасаджваць на «аўтамабілі мары» кіраўніка Беларусі, гэта не забяспечыць продаж усяго абʼёму.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/TASS/ Forum

Тэгі: ,
Глядзі таксама
Каментары