Аб'ектыў 23.11.2016 Рэдакцыя «Нашай Нівы» не будзе святкаваць юбілей газеты


Нашай ніве – 110 гадоў. За гэты час газета набыла рэпутацыю бадай што самага нязломнага беларускага выдання: ў даўнія часы яе закрывалі, у нашыя – журналісты выдання сутыкаліся з ператрусамі ў рэдакцыі і канфіскацыяй тэхнікі. Нягледзячы на гэта: шматтысячная аўдыторыя і верныя чытачы, якія прыходзяць па «Нашу ніву» у шапікі. У рэдакцыі юбілею не адзначаюць ды сціпла спасылаюцца на традыцыю святкаваць толькі даты, кратныя 25-ці.

110 гадоў таму рэдакцыя месцілася на Віленскай вуліцы, дом 20 у Вільні, сёння – ля плошчы Перамогі ў Менску. Што не змянілася? Ідэалагічная скіраванасць.

АНДРЭЙ ДЫНЬКО, ШЭФ-РЭДАКТАР «НАШАЙ НІВЫ»:

«НН на сёння – гэта самае папулярнае выданне на беларускай мове. І гэта неацэнна, бо каб бел мова жыла і развівалася, людзі мусяць на ёй штодзень чытаць і пісаць».

За 110 гадоў «Наша ніва» двойчы перажывала закрыццё: у 1915-м і ў 1920-м. І толькі ў 91-м годзе, зноў жа ў Вільні, газету адрадзіла каманда беларускіх інтэлектуалаў. Адмыслова дзеля гэтага туды пераехаў Алег Мінкін, вершы якога друкаваліся ў кожным нумары.

АЛЕГ МІНКІН, ПІСЬМЕННІК:

«Сюды некалькі сямей з Беларусі пераехалі, каб адраджаць беларушчыну тут, у Вільні, у тым ліку адрадзіць нанова Бел газету Наша Ніва. Галоўным ініцыятарам быў, зразумела, Сяргей Дубавец».

Цяпер у штаце «Нашай нівы» усяго 7 журналістаў, найстарэйшаму з іх – 35 гадоў. Але, як і 110 гадоў таму, выданне перш за ўсе асвятляе грамадска-палітычныя праблемы, у тым ліку і нязручныя беларускім чыноўнікам. Напрыклад, сёлета аўтары газеты выклікалі гучны розгалас, надрукаваўшы артыкул пра тое, як міністр аховы здароўя дабудоўвае катэдж за Нацыянальнаю бібліятэкаю коштам мільён долараў. Шмат каму газета адкрыла вочы на «русский мир у Беларусі». Таму газета не ў пашане ва ўладаў: 5 гадоў таму яна была на валасок ад закрыцця. У ліпені са штотыднёвіка «Наша ніва» перайшла на фармат месячніка.

Цяпер кожную першую сераду месяца свежае выданне «Нашай нівы» у шапіках набываюць 6 тысячаў чалавек. Большасць жа набірае знаёмы адрас nn.by у браўзеры.

АНДРЭЙ ДЫНЬКО:

«Калісьці «Наша ніва» была на паперы. Цяпер НН ёсць у інтэрнэце, у сацсетках, у мабільных тэлефонах – гэта сёння галоўнае. Паглядзіце на самыя лічбы: НН мае больш за 6 мільёнаў праглядаў старонкі за месяц».

Сярэдні чытач праводзіць на старонцы 10 хвілінаў на дзень – у час, калі большасць чытае толькі загалоўкі, гэта лічыцца добрым паказнікам. Вось чарговае сведчанне, што за 110-гадовую, няхай і з перапынкамі, гісторыю «Наша ніва» навучылася з поспехам дастасоўвацца да любых, нават самых неспрыяльных, акалічнасцяў.

Марына Вашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары