Газавы тупік Менску ды Масквы: чаго чакаць?


Не дамовіліся. Ізноў. Расейскі віцэ-прэмʼер Аркадзь Дварковіч падзяліўся інфармацыяй, што прагрэсу ў перамовах у справе развязання нафтагазавай спрэчкі Масквы і Менску няма. Канфлікт, што цягнецца ўжо больш за год.

«Расея зменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але разумейце, што ціску я цярпець ня буду і беларусы таксама», – грымеў кіраўнік Беларусі ў верасні.

Афіцыйны Менск падкрэсліваў, што кошт $ 142 за тысячу кубаметраў несправядлівы, улічваючы хаўрусныя дачыненні краінаў і ўдзел Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай прасторы. Пры такой цане на блакітнае паліва айчынныя прадпрыемствы не могуць канкураваць з расейскімі на агульным рынку. Ужо праз месяц, здавалася, пытанне было развязанае.

«Нам удалося выйсці на падпісанне адпаведнага дакументу і адпаведныя пытанні былі знятыя», – адзначаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Але, як стала вядома даслоўна праз некалькі гадзінаў, нічога падпісана не было, і дамоўленасці, калі яны і былі, то засталіся вусныя. Удакладніў сітуацыю расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў:

«Кошт на газ, што пастаўляецца ў Беларусь застаецца ранейшай і разлічваецца па існуючай формуле, ніякай карэктыроўкі не адбываецца. Неабходна пагасіць запазычанасць, дзеля таго, каб аднавіць нармальныя гаспадарчыя адносіны».

Пасля такога канфузу бакі не спяшаюцца з заявамі пра развязанне канфлікту. І калі тады запазычанасць нашай краіны перад «Газпромам» складала $ 200 млн долараў, то па расейскіх падліках сёння Беларусь павінная ўжо больш як паўмільярда ў доларавым эквіваленце. Не зважаючы на гэта, расейскі палітолаг беларускага паходжання Кірыл Коктыш мяркуе, што канфлікт набліжаецца да лагічнага канца:

«Ні Менску, ні Маскве не патрэбныя сапсаваныя адносіны. Відавочна, што неабходна, каб гэтыя пытанні вырашаліся, каб падзенне беларускага імпарту, каб падзенне коштаў на энерганосьбіты не адбівалася цяжка на жыцці беларускага грамадства, бо запас трываласці значна меншы, чым у Расеі».

І сапраўды, адказаць на тое ж абмежаванне паставак нафты, як зрабіла Расея, Менск не мае чым. І праз існую эканамічную сітуацыю ў краіне, якой уся гэтая спрэчка, мякка кажучы, не дапамагае, часам на менскіх вуліцах можна пачуць крамольны адказ на пытанне – ці патрэбны нам такі хаўрус з Расеяй?

«Мы самастойная дзяржава, нам трэба самым развівацца, а не быць сыравінным прыдаткам Расеі», – кажа жыхарка сталіцы.

Яшчэ адзін жыхар Менску дзеліцца сваім меркаваннем:

«Я ўсё ж прытрымліваюся такога больш еўрапейскага напрамку. Але зноў жа – па рахунках трэба плаціць. Калі не плацім, то значыць дрэнныя мы».

Як для братніх народаў, надзвычай адрозная рыторыка ідзе паміж Менскам і Масквою. Гэтак днямі Лукашэнка падзяліўся сваім разуменнем канфлікту ва Украіне:

«Нам нашая незалежнасць надта танна дасталася. Усе народы змагаліся за незалежнасць – сёння ваюе нашая братняя Украіна».

Ваюе, трэба разумець, з »нашай братняй Расеяй«, як шматкроць называў раней усходнюю суседку той жа Лукашэнка. А тым часам на расейскіх тэлеканалах, у перапынках паміж абмеркаваннямі небяспекі ад беларускіх падручнікаў гісторыі, жорстка высмейваюць кіраўніка Беларусі, які, паводле сюжэту аднаго з шоу, меўся карыстацца з паслугаў расейскіх прастытутак.

Такія яны, братнія дачыненні, калі гаворка вядзецца пра паўмільярда долараў.

Чытайце таксама:

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu