Гаўбец упаў, бо жэсаўцам было лянота рамантаваць


І з вышыні, і з зямлі бачна, якая ж прыгожая сталіца нашай краіны. Аднак днямі жыхары адной з цэнтральных вуліцаў пераканаліся, што Менск можа быць і небяспечны. Гэтак у будынку на Талбухіна, 5 суботнім вечарам… абрынуўся гаўбец.

«Мы былі ўдома і тут раптам раздаўся страшны трэск, шум, мы падхапіліся, зірнулі ў вокны і пабачылі, што ўпала днішча балкону з трэцяга паверху на другі. Жанчына была, якая ў гэты момант праходзіла побач з сабачкам, які яе пацягнуў, яна за ім пабегла, так бы на яе гэта…», – кажа пра шчаслівае супадзенне жыхарка суседняга дому Таццяна Гур’янава.

Страшныя наступствы – першае, пра што думаюць жыхары

Магло і ўвогуле не быць гэтага здарэння, калі б працаўнікі ЖЭСу прыслухаліся ды своечасова і сур’ёзна адрэагавалі на зварот гаспадароў кватэры. Гаспадыня паказала нам адпіскі камунальнікаў, але не хоча паказваць свайго твару.

«Балкон быў аварыйны на мой погляд, заўсёды. Ён вельмі моцна быў нахілены па жыцці. Апошнім часам ён нахіліўся яшчэ болей», – узгадвае гаспадыня кватэры Ларыса Аляхновіч.

Сям’я, што жыве на трэцім паверсе, 2 месяцы таму папярэджвала камунальнікаў пра небяспечны стан гаўбца і пра тое, што двор прахадны, а значыць, можа адбыцца трагедыя. Працаўнікі ЖЭСу наведалі злашчасны дом і нават сфатаграфавалі балкон.

Камунальнікі чакаюць заключэння праектнага інстытуту

Жэсаўцы чакаюць высновы аб прычынах разбурэння балконнай пліты, каб вырашыць што далей рабіць з гаўбцом ці, дакладней, з тым, што ад яго засталося. А тым часам рэшта балконаў застаецца ў не нашмат лепшым стане, хаця капітальны рамонт будынку праводзіўся ўсяго 7 гадоў таму.

«Капрамонт рабілі, а да балконаў справа не дайшла. На тым баку балконы нармальныя, а на гэтым баку кепскія балконы. Яны захаваліся, бо ў жыхароў, відаць, не было грошай. Разумееце, капрамонт ішоў у асноўным за грошы самых грамадзянаў, таму што грошай ЖЭС не прадастаўляў. Даводзілася ўласнымі намаганнямі», – сведчыць мясцовы жыхар Віталь Шантаровіч.

На жыхароў ЖЭС разлічвае і цяпер

Камунальная служба выдае тутэйшым уладальнікам кватэраў прадпісанні прыбраць рэчы з балконаў.

Абвал балкону адбыўся 2 дні таму, але толькі сёння камунальнікі пачалі правяраць стан іншых ненадзейных гаўбцоў.

Вольга Старасціна, «Белсат»