Аб'ектыў 12.10.2017 Гарадзеншчына: гістарычныя аб’екты руйнуюць, бо няма грошай на рэстаўрацыю


Вёска Бершты, што на Гарадзеншчыне, месціцца сярод лясоў і побач з маляўнічым возерам. Будынак былой школы, узведзены ў першай палове 20-га стагоддзя, стаіць на адным з яго берагоў. Аднак дзверы для школьнікаў цяпер зачыненыя. Стары драўляны будынак пераходзіў ад адной установы да іншай, але ніхто не знайшоў грошай на рамонт.

«Я працавала ў гэтай школе з 1953-га года да 1997-га, і таму ўсё маё жыццё тут прайшло. Я з болем гляджу, што цяпер гэты будынак недагледжаны», – кажа настаўніца Галіна Яноўская.

Чаму ўсё так сумна?

Спачатку была пачатковая школа, даўно ўжо, потым – сямігадовая, потым – сярэдняя, потым усё пайшло на спад.

Пабудова ўцалела пасля Другое сусветнае вайны, аднак цягам апошняга дзесяцігоддзя актыўна пачала разбурацца. Праблему намагаліся развязаць аўкцыёнам, але пакупнікоў не знайшлі. Пазней мясцовыя жыхары пачулі, што былую школу чакае зруйнаванне. На думку экс-кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Мілінкевіча, продкі якога паходзяць з гэтых мясцінаў, такім чынам мясцовыя ўлады намагаюцца выканаць загад Лукашэнкі пра добраўпарадкаванні вёскі.

«Тут разумеюць так, грошай няма выканаць, так лепш можа бульдозерам усё знесці, зямлёй засыпаць, і тады правяраючыя, якія будуць глядзець, ці добра добраўпарадкаванне зроблена, прыйдуць і скажуць: добра! Траўка расце! А будынкі знішчаюцца, і не толькі тут, гэта па ўсёй Беларусі. Ну а мне баліць, таму што я адсюль», – зазначыў Мілінкевіч.

Былая школа – яшчэ і помнік гісторыі

Калісьці тут месцілася Таварыства беларускае школы. Тут працавалі беларускія адраджэнцы. На адкрыццё школы ў 1937-ым годзе, не зважаючы на распараджэнне ўладаў, замест польскага спектаклю вучні паставілі купалаўскую «Паўлінку». Пазней свае вершы мясцовым жыхарам тут чытаў Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

З школай звязаная барацьба за беларускую мову

Яна скончылася няўдала, бо ў 30-х гадах ужо не засталося беларускіх школ, але простыя людзі, сяляне, змагаліся за беларускую мову, і хацелі, як у літоўцаў, як у палякаў, каб дзеці вучыліся на сваёй мове.

Пакуль у Берштах знішчылі Дом настаўніка і пачалі разбураць бібліятэку, знос будынку школы – імаверна, праз хвалю абурэнняў у інтэрнэце – пакуль прыпынілі.

Мясцовыя жыхары намагаюцца захаваць спадчыну

Дасюль тут закрылі шпіталь, аптэку і чатыры крамы, перанеслі сельсавет. Разам з іх знішчэннем вымірае і вёска. Замест некалі 3-ох тысячаў жыхароў тут засталіся 150 чалавек.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Baz Ratner / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары