Ганна Канапацкая: Калі людзі не хочуць сабе дапамагаць, то і я буду не ў стане


«Нашая просьба вось якая», – прыкладна з такіх словаў пачыналіся ўсе размовы на спатканні з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай. Якая скіравалася ў мікрараён Сокал. Ён хоць і знаходзіцца ў 15-ці кіламетрах ад Менску, юрыдычна лічыцца часткаю сталічнага Кастрычніцкага раёну. А значыць, акругай новай дэпутаткі. Пры гэтым акругай са шматлікімі праблемамі.

ГАННА КАНАПАЦКАЯ:

«Адсутнасць ходнікаў, адсутнасць якаснага асфальту, адсутнасць аддзялення банку ці аддзялення пошты. Вялікая праблема гэта адсутнасць дасугу для моладзі, бо пасёлак Сокал гэта месца з высокай нараджальнасцю».

Паводле жыхароў мікрараёну, уласна з высокай нараджальнасцю, да якой самыя ж чыноўнікі і заахвочвалі, цяпер гарадскія ўлады і не спраўляюцца. Дзяцей шмат, а вось дзіцячых дактароў толькі два, у выніку велізарныя чэргі ды гадзіны чакання прыёму. З дактарамі для дарослых не нашмат лепшая сітуацыя.

ІРЫНА ЗЕЛЯНКЕВІЧ, ЖЫХАРКА МІКРАРАЁНУ СОКАЛ, МЕНСК:

«Тут няма ніякіх лекараў-адмыслоўцаў, напрыклад кардыёлага нейкага. З усіх адмыслоўцаў толькі тэрапеўты прымаюць. А аналізы! На аналіз кроў з вены трэба запісвацца за тры тыдні! За тры тыдні каб здаць кроў!».

Гучала на спатканні і тэма бяспекі дзяцей, якой, паводле наведнікаў дэпутаткі, пагражаюць і шматлікія бадзяжныя сабакі, і ўмовы, у якіх дзеці дабіраюцца да школы. Гады ідуць, дэпутаты, і чыноўнікі змяняюцца, а праблема застаецца.

АЛЕГ БОНДАРАЎ, ЖЫХАР МІКРАРАЁНУ СОКАЛ:

«Вось ужо 25 гадоў Сокалу, і ўсе гэтыя 25 гадоў дзеці як хадзілі, гэтак і ходзяць па праезджай частцы ў школу, побач з імі праносяцца аўтамабілі».

Але ёсць месцы ў Сокале, дзе пранесціся аўтамабілю не так і проста. Паводле Аляксандра Салдаценкі, не першы год дарогі ў прыватным сектары пасёлку замест асфальту маюць перыядычна падсыпаны пясок, які дождж або мокры снег ператварае ў багну.

АЛЯКСАНДР САЛДАЦЕНКА, ЖЫХАР МІКРАРАЁНУ:

«Нам прыйшоў адказ, што пытанне будзе разглядацца ў 2017-м гаду. Таму што грошай на пракладку дарог у новай частцы прыватнай забудовы, вось менавіта на нашую частку, у іх грошай не хапіла».

Сённяшняе спатканне дэпутаткі з грамадзянамі не першае. На папярэднім Ганна Канапацкая некаторым наведнікам параіла канкрэтныя захады для абароны сваіх інтарэсаў. Аднак, не ўсе гатовыя браць ініцыятыву.

ГАННА КАНАПАЦКАЯ:

«Я ім казала, як і што зрабіць. Пайдзіце туды, напішыце тое. І вось учора, перад прыёмам грамадзянаў я патэлефанавала тым, хто ў мяне ўжо быў, і я запытала, ці зрабілі вы штосьці з таго пра што мы казалі. Вы ведаеце, з шасці асобаў толькі адзін штосьці зрабіў. Калі людзі не хочуць дапамагчы сабе самыя, тады і я напэўна буду не ў стане дапамагчы ім».

Але пры гэтым Ганна Канапацкая абяцае прыкласці ўсе намаганні, каб не толькі навучыць грамадства актыўнасці, але і змагацца разам з імі.

Юрый Салодкі «Белсат»