Чыноўнікі робяць выгляд, што паразаў у хакеі няма


Хакей

Улічваючы ўзровень айчыннага хакею, афіша «Беларусь–Канада» ніколі асабліва не інтрыгавала нашых заўзятараў. З прычыны прадказальнасці выніку, з якім бы ўзорам паўночнаамерыканскага складу ні гулялі нашыя.

Толькі ў апошні час і толькі ў афіцыйных матчах чэмпіянатаў свету Беларусь апошні раз закідвала канадцам у 2013-ым адную шайбу і таксама аднойчы вызначылася годам раней. У 2015-ым параза 0:9, у 16-ым – 0:8, у 17-ым – 0:6. Сёння ў латышскай сталіцы Рызе прагулялі прадстаўнікам клубаў КХЛ, АХЛ, чэмпіянатаў Швецыі, Швейцарыі, Нямеччыны – 0:2. І, пакуль афіцыйны сайт Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь залёг у чарговую спячку, усё яшчэ з 22 студзеня віншуючы Міхаіла Захарава з 56-годдзем і з 26-га студзеня ўсцяж анансуючы таварыскія матчы нацыянальнай зборнай з Расеяй і паўночнаамерыканцамі, карыстаемся дапамогаю калегаў з выдання «Прессбол», якім галоўны трэнер зборнай Беларусі Дэіў Льюіс распавёў: тое, што тры спарынгі прагулялі з агульным лікам 0:8 – не страшна. Усё, маўляў, паводле плану сістэмы, якой павінныя кіравацца перад доўгім красавіцкім кэмпам.

Футбол

Англійская Прэм’ер-ліга скончыла сяродтыднёвы, 26 тур, сарамліваю паразаю аднаго з лідараў – «Чэлсі», які моцна грукнуўся ў вачах сваіх заўзятараў пасля паразы ад 11-ай каманды сезону «Ўотфарду» – 1:4. Як лічаць адмыслоўцы, усё распачалося з не зусім адэкватнага з боку суддзі выдалення за дзве жоўтыя карткі прадстаўніка Францыі ў складзе арыстакратаў Т’емуэ Бакаёко.

Алімпійскія гульні

Паўночнаамерыканскі паром прыбыў у Паўднёвую Карэю ў аўторак, 6 лютага, з магутным 140-асабовым дэсантам удзельнікаў і гасцей Зімовых алімпійскіх гульняў, скарыстаўшыся першаю за 16 гадоў адменаю санкцыяў Сеулу пасля папярэдняга візіту.

Судна з водазмяшчэннем 9 700 тонаў прыбыло ў паўднёвакарэйскі порт Мухо, дзе пратэстоўцы трымалі вялізныя партрэты лідара Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына з чорнымі крыжамі, намаляванымі на іх. Трымалі сцягі Паўднёвай Карэі ды ЗША і спявалі нацыянальны гімн сваёй краіны. Дзясяткі паліцыянтаў кантралявалі парадак падчас гэтай акцыі. Урад пастанавіў часова адмяніць забарону на швартоўку паўночнакарэйскіх караблёў і падтрымаць паспяховае правядзенне Белай алімпіяды, якая распачынаецца ў пятніцу, 9 лютага. Прадстаўнікі абедзвюх Карэяў будуць ісці пад адным сцягам на афіцыйным адкрыцці Гульняў-2018 і створаць адзіную жаночую зборную па хакеі з шайбаю.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: Grigory Dukor / Reuters / Forum