Гандбол: скрозь паразу да перамогі


Мужчынская зборная Беларусі ўсё ж такі выйшла ў другі этап чэмпіянату Еўропы па гандболе, што праходзіць у Польшчы. У сваім трэцім матчы групавога этапу мы саступілі нарвежцам 27:29.

Далейшы наш лёс залежаў ад сустрэчы Харватыя–Ісландыя. У ёй нам была неабходная толькі перамога харватаў. Іхны настаўнік, вядомы нам падчас кіравання БГК імя Мяшкова Жэлька Бабіч, здолеў знайсці словы для сваёй дружыны, якая пераканальна выгуляла, 37:28. Гэтая вікторыя вывела беларусаў з нулём балаў з квартэту з трэцяга месца, а ісландцы, якіх мы таксама перамаглі 39:38, засталіся за бортам кантынентальнага першынства. Далей на чэмпіянаце Старога свету ствараюцца два секстэты, з якіх у паўфіналы трапяць па дзве найлепшыя дружыны. Першы наш матч правядзём заўтра ў Кракаве супраць чэмпіёна свету – Францыі. Далей нас яшчэ чакаюць двубоі з палякамі ды македонцамі.