Аб'ектыў 12.06.2018 Гамяльчанка гадавыя пошукі працы скончыла суіцыдам


Беспрацоўя няма, але ёсць ахвяры сацыяльнай абяздоленасці.

Сёння пахавалі жыхарку Гомля, якая скончыла жыццё самагубствам, бо цэлы год не магла знайсці працы. Сёлета гэта не першая трагедыя, выкліканая складанай эканамічнай сітуацыяй. Што можа спыніць заўчаснае спыненне жыцця?

Па гомельскіх вулачках хадзіла 43-гадовая Алена – часам адна, а часам разам са сваёй дружнай сям’ёй. Але, як кажуць суседзі, заўсёды з ветліваю ўсмешкаю. Сёння блізкія людзі сустрэліся ля дому Алены, каб правесці яе ў апошні шлях. Жанчына скончыла жыццё самагубствам. Без маці засталіся школьнікі Саша і Наста. Сваякі ад болю не хочуць казаць, а суседзі не на камеру распавялі, што на такі адчайны крок жанчына пайшла, бо доўга не магла знайсці працы. Трагедыя гомельскай сям’і ўскалыхнула і іншых гараджанаў.

У такой сітуацыі надзвычай важная дапамога блізкіх – а што, калі і ў сваякоў падобныя праблемы? Дапамагаць мусіць дзяржава, але і на падтрыманне ўладаў – ні матэрыяльнае, ні маральнае разлічваць не выпадае, кажуць гомельцы.

Пакуль блізкія чытаюць ды перачытваюць апошні ліст ад Алены, дзе яна тлумачыць, як ёй сорамна, што яна не працуе і не можа забяспечыць дзяцей, жыхары гораду абмяркоўваюць сітуацыю, шукаюць адказаў на спрадвечныя пытанні: «хто вінаваты» і «што рабіць».

Падчас размовы з гамельчукамі мы пачулі і такое меркаванне:

«Нас інфляцыя грызе за горла харашэнька, а хто ў гэтым вінаваты – Саша Лукашэнка».

Самагубствы з эканамічных прычынаў становяцца ўсё больш частай з’явай у нашай краіне.

«Як мы будзем аплочваць медпаслугі, квартплату. Усё гэта накопліваецца, і чалавек прымае рашэнне сысці з жыцця», – кажа псіхолаг Людміра Мірзаянава.

Паводле статыстыкі, летась заўчасна, на ўласнае рашэнне сышлі з жыцця амаль 2 тысячы беларусаў.

Вольга Старасціна, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары