Гамельчукі абураныя. Улады кладуць плітку на «святую крыніцу»


Штодня па ваду да крыніцы ў гомельскім урочышчы за вуліцай Юбілейнай прыходзіць каля сотні чалавек. Але неўзабаве крыніца можа знікнуць: мясцовыя ўлады збіраюцца добраўпарадкаваць тут тэрыторыю.

«Ва ўрочышчы, за вуліцай Юбілейнай проста ўнікальны куток прыроды. І крыніца, у народзе яе называюць святою. І яны хочуць добраўпарадкаваць, пакласці мёртвую плітку?», – абураецца актывіст партыі «Зялёныя» Аляксандр Снітко.

Працаўнікі прадпрыемства «Гомельскія цепласеткі» пачалі пілаваць дрэвы.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што моцныя карані дрэваў, якія растуць ля крыніцы, акумулююць ваду. Калі іх спілаваць, крыніца можа засохнуць.

Зямля, дзе месцяцца крыніца – у арэндзе праваслаўнага манастыра

У Канцылярыі Гомельскай епархіі «Белсату» патлумачылі, што працы робяцца паводле закону: зробленая праектная дакументацыя, працы ўзгодненыя з усімі кампетэнтнымі службамі.

«Дрэвы ўжо старыя, яшчэ 10 гадоў – і паводле санітарных нормаў іх трэба будзе высякаць. Жыхары гадамі скардзяцца, нават прэзідэнту, на кепскі стан крынічкі і купелі: маўляў, там брудна, просяць навесці парадак. Купель будзе з кафлі (яна ўжо зробленая), бо дрэва недаўгавечны матэрыял, будзе гніць. Замест пасечаных дрэваў будуць высаджаныя туі. Яны будуць забяспечваць цень. Падыходы да крынічкі таксама будуць з кафлі. Гэтым усім займаецца горад, адміністрацыя раёну», – патлумачылі ў канцылярыі Гомельскай епархіі.

Мясцовыя жыхары ў сваю чаргу кажуць, што забылі ўзгадніць толькі з тымі, хто п’е адсюль ваду і штодня прыходзіць да крыніцы. Гамельчукі, якія вартуюць дрэвы ля крыніцы, каб іх не пасеклі, перакананыя, што такія пытанні мусяць абмяркоўвацца з грамадскасцю і спецыялістамі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»