«Галаву абасцу»: сямёра міліцыянтаў скруцілі няпоўнагадовага ў вёсцы Юравічы


Пра чарговы выпадак жорсткага затрымання сілавікамі стала вядома на Гомельшчыне.

Надзвычай жорсткае затрыманне падлетка адбылося ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну. Як прыгадвае сям’я Талбухіных і Дзянісенкаў, яны ўжо адпачывалі, калі раптам апоўначы ў іх дом завіталі сілавікі. Нечаканы візіт участковы міліцыянер патлумачыў неабходнасцю паразмаўляць з 17-гадовым Рыгорам Дзянісенкам. Хлопцу паведамілі, што яму неабходна праехаць у аддзяленне.

«Я сказаў, што ён няпоўнагадовы. І Вы па меншай меры не маеце права яго забіраць менавіта цяпер. На што я пачуў не вельмі добрую мову ў свой адрас. І тады ўжо Мяшкевіч, супрацоўнік міліцыі, ударыў Грышу ў твар», – кажа Максім Табулін, стрыечны брат затрыманага.

Пачуўшы крыкі, іншыя члены сямʼі выбеглі на двор. Яны пабачылі, як працаўнікі міліцыі заламалі Рыгору рукі ды пацягнулі яго за плот на вуліцу.

«Участковы з бітай тут стаяў, тут двое са зброяй стаялі. А тут адзін такі даўгі стаяў. Майго брата запакавалі ў кайданкі, хацелі ў машыну пасадзіць. Мая маці – таксама яе адштурхнулі. Ён мяне аўтаматам зачапіў. Я кажу, што ты робіш, кажуць – ідзі адсюль у хату», – распавядае брат затрыманага Мікалай Табулін.

Паводле сваякоў Рыгора Дзянісенкі, яго правакавалі на бойку, а пасля – паклалі тварам у асфальт і пачалі моцна збіваць нагамі.

Спробы абараніць Рыгора плёну не далі. Ударамі ў грудзі працаўнікі міліцыі адпіхвалі нават маці і цёцю падлетка, інвалідаў 1-ай і 3-ай групаў.

«Мы яго адцягвалі з цёцяй, а ён усё адно падыходзіў адмыслова, пагражаў, казаў, галаву абасцу табе, гэта таксама такое было, усё на камеру запісана», – кажа Мікалай Табулін.

Што праўда на відэа самой бойкі не бачна. У цемры камера захавала толькі крыкі, нецэнзурную лаянку ды тое, як міліцыянт адбірае тэлефон.

Праз дзве гадзіны падлетка ўсё ж увезлі ў РУУС. Пры гэтым падставаў для затрымання сваякам гэтак і не прадставілі. А ўжо на наступны дзень да Талбухіных і Дзянісенкаў зноў прыйшла міліцыя ды паведаміла, што на падворку магчыма захоўваюць абрэз паляўнічай зброі, і Рыгор імаверна аднойчы стрэліў з яго ў паветра. Стрэльбу пры панятых дабравольна выдалі міліцыянтам.

«Тое, што яны паводзілі сябе не прававым чынам, – паказнік іх непрафесіяналізму. Ёсць міжнародныя стандарты, якія Беларусь падпісала, для сілавых структураў – падтрыманне правапарадку. Там сказана: калі чалавек не аказвае супраціў, ужыванне спецсродкаў і сілы не дазваляецца», – кажа праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Патлумачыць інцэдэнт з брутальным затрыманнем як у Калінкавіцкім РАУСе, гэтак і ва Упраўленні ўнутраных справаў гомельвыканкаму, нашаму тэлеканалу не пажадалі. Паводле ж адваката Рыгора Дзянісенкі, няпоўнагадоваму зладзілі медычную экспертызу без законнага прадстаўніка, якая вызначыла характар гематомаў у выніку падзення, а не збіцця. Апроч таго хлопца, які цяпер знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, абвінавачваюць у непадпарадкаванні міліцыі.

Юлія Лабанава, «Белсат»