Гайдукевіч выступіў за бчб-сцяг і Пагоню. Што гэта было?


Час легалізаваць нацыянальную сімволіку прыйшоў. Ліберальна-дэмакратычная партыя распаўсюдзіла адмысловую заяву з прапановаю да ўладаў надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці бела-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня

ЛДПБ, гэтую пазіцыю будуць адстойваць у парламенце

«Я думаю, нашая заява павінна паспрыяць таму, што нас павінны падтрымаць іншыя партыі, прадстаўленыя ў парламенце. «Белая русь» найбуйнейшая грамадская арганізацыя – няхай падтрымае! БРСМ няхай падтрымае! Хай яны дакажуць, што яны з народам!», – нечакана заявіў адзін з лідараў ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Яшчэ летась актывісты «Маладога фронту», усяго за месяц сабралі пад аналагічным патрабаваннем амаль 11 тысяч подпісаў і перадалі іх у Міністэрства культуры. Алег Гайдукевіч ролі «Маладога фронту» ў змаганні за бела-чырвона-белы сцяг не адмаўляе дый прапаноўвае шукаць кансэнсус усім разам, незалежна ад палітычных поглядаў. Між тым, падобныя прапановы ад праўладных арганізацыяў былі і раней, аднак далей за словы справа тады не пайшла, адзначае адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту» Павал Севярынец.

Гайдукевіч паважаў нацыянальныя сімвалы і раней?

Самога Алега Гайдукевіча многія маладафронтаўцы добра ведаюць па яго ранейшай пасадзе начальніка Фрунзенскага РАУС Менску. Сам жа экс-міліцыянт, якога вінавацяць у масавых рэпрэсіях супраць актывістаў, сёння цвердзіць: з больш як сотні затрыманых тады аніводнага не схапілі менавіта за нацыянальную сімволіку. У адрозненне ад іншых пастарункаў.

«Павага да бела-чырвона-белага сцяга аніяк не перашкаджае паважаць і чырвона-зялёны. І вось гэта павінны зразумець і тыя, хто прымае рашэнне аб прыцягненні да адказнасці за бела-чырвона-белы сцяг. Не павінна быць прыцягнення за гэта да адказнасці! У законе ж гэтага няма! Ад гэтага трэба адыходзіць», – мяркуе Гайдукевіч.

Ініцыятыва са сцягам – частка рэбрэндынгу партыі

У часе партыйнага з’езду 12 жніўня ліберал-дэмакраты дадуць старт не толькі свайму ўдзелу ў наступных мясцовых выбарах, але і высунуць свайго прэтэндэнта на ўдзел у чарговай прэзідэнцкай гонцы. А таму і агучваюць сёння рашэнні, у якіх упэўненыя, што іх падтрымае большасць беларусаў. Намеснік старшыні ЛДПБ перакананы, што за Лукашэнкам справа таксама не стане.

Дык што, цяпер слова за тым, хто пазбаўляў бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» дзяржаўнага статусу?

Валеры Руселік, «Белсат», фота: Антон Матолька