Аб'ектыў 15.07.2018 Францыя – пераможца ЧС-2018


Верылі заўзятары, спадзяваліся букмекеры. І не прагадалі. Зборная Францыі заслужана ўздымае галоўны трафей Мундыялю-2018.

«Трохкаляровыя», дзякуючы, між іншага, і ўпартасці галоўнага трэнера Дыд’е Дэшана, другі раз у сваёй гісторыі становяцца найлепшымі з 32 краінаў-удзельніц чэмпіянату свету.

Квіткоў на галоўны матч чатырохгоддзя ў маскоўскіх «Лужніках», якія сабралі амаль 80000 гледачоў, не было ўжо з самай раніцы. Перакупнікі патрабавалі ажно да 500 % пераплаты. І глядзець сапраўды было на што. У дынамічнай і непрадказальнай гульні спачатку павялі французы дзякуючы аўтаголу Мар’ё Манджукіча, але ўжо праз 10 хвілінаў харваты лік зраўнялі – надзею на перамогу ўсяліў Іван Пэрышыч. Далей быў 11-метровы стандарт у браму балканцаў за гульню рукою, з якім на выдатна справіўся французскі нападнік Антуан Грызман. Але вострая гульня харватаў яшчэ доўга не пакідала ліку ў спакоі. Такой выніковасці Мундыяль не бачыў больш за 40 гадоў. Вынік матчу – 4:2 на карысць Францыі.

На пачатку другога тайму на поле выбеглі чатыры актывісткі «Pussy Riot». У сваім Facebook яны паведамілі, што акцыяй яны патрабуюць вызвалення палітвязняў і спыненне паліцэйскага ціску.

Антураж важнасці гэтай гістарычнай падзеі адчуваўся ад самай раніцы, у першую чаргу – на радзіме краінаў-удзельніцаў. Ажыятажу дадавала і тое, што для зборнай Харватыі гэта быў першы фінал у гісторыі. У перамогу «шашачных» верылі ўсе іхныя суайчыннікі. І прэзідэнт – не выключэнне.

Галоўная спартовая падзея апошняга месяца праходзіла ў 11 гарадах Расеі. Наступны, 22-гі Мундыяль, адбудзецца ў 2022 годзе ў Катары.

Фота: REUTERS / Kai Pfaffenbach / FORUM

Глядзі таксама
Каментары